Мертвым не балиць, частка 1

  На фланг я ўжо не бягу. Прыгнуўшыся, уваходжу ў ланцуг, дзе ён трохі радзейшы, і падаю ў снег. Снег тут не глыбокі, навокал тырчыць шэрае дуддзё быльнягу. Справа ад мяне шавеліць ствалом нехта ў паўшубку – ці не камандзір які? Толькі ён не камандуе. Цяпер ён, як і ўсе, радавы ў гэтым ланцугу старшыны Еўсюкова. З другога боку ад мяне таропка месціцца ў снезе даўганогі баец у кароценькім шыняльку. Над заснежаным марозным стэпам блішчыць у смузе невысокае зімовае сонца.

  Здаецца, мы ўсе загінем. Каб вызначыць тое, не трэба быць празорцам – дастаткова паглядзець наперад. I, па сутнасці, так недарэчна! Пасля загіне Юрка, Каця. Наўрад ці ўратуецца і Сахно. Можна лічыць, што кожны з нас адзін для другога – ужо не існуе. Я – для Юркі, ён – для мяне. Застаюцца хвіліны. Апошнія мае хвіліны. Самотнае гэта прадчуванне раптам бурыць недалёкі крык. Гэта ў ланцугу прыўстае на каленях старшына. Яго цёмная куртка дэсантніка здалёку відаць на аснежаным доле.

  – Агонь! Якога храна ляжаць! Агонь!

  Так, вядома, трэба агню. Інакш, чым мы можам стрымаць гэтыя танкі? Толькі што мы ім зробім нашым агнём? Каб хоць парачку ПТР. Ды каб гранаты...

  З ланцуга рэдка і бязладна пачынаюць бахаць вінтоўкі. Нехта пускае доўгую чаргу з аўтамата. Танкі, напэўна, пакуль нас не бачаць. Я ляжу ў нейкім здранцвенні, увабраўшы рукі ў мокрыя рукавы шыняля. Мерзнуць пальцы. Да самага калена гарыць, ные нага. У маім карабіне ўсяго пяць патронаў, і я выпушчу іх, калі танкі падыдуць бліжэй. Каб пацэліць хоць бы ў які трыплекс...

  Танкі хутка сунуцца ўсё бліжэй. У балцы цяжкі маторны гул, прыглушанае стракатанне гусеніц. Уцекачоў перад ім ужо не відаць – жывыя ўсе за павароткам. На шырокім бязладным шляху, здратаваным мноствам ног, – некалькі трупаў, разбітая фурманка, бліжэй – наш, напэўна, сканалы, конь. Аднак нехта там ажывае і пачынае грабціся з-пад самых танкаў. Знямогла валочыць па снезе, відаць, перабітыя ногі. Зараз жа на лбе пярэдняга танка ўспыхвае агністая бліскаўка, і чалавек назаўжды выцягваецца на снезе.

  – Агонь! Агонь!.. – крычыць Еўсюкоў.

  Я кладу на далонь карабін і прыцэльваюся. Прыклад туга б’е ў плячо, і мне шкада марна патрачанага патрона. Мусіць, неўзабаве ён мне ой як спатрэбіцца! Нетаропка пачынаю цэліцца зноў. I тут выбух грымотна рве побач. Позірк губляе цэль, мяне абдае смуродам і снегам. На выбух я не азіраюся – я толькі адчуваю: ну вось і ўбачылі! Цяпер трымайся! Цяпер дадуць жару.

  Але што гэта? Збоч па снезе цераз балку, нібы парваўшыся, мільгае чырвоная нітка. Раз, другі. I над адным танкам на касагоры з’яўляецца дымок. Я кідаю позірк на суседа ў паўшубку. Так і ёсць – гэта ён б’е трасіруючымі. Толькі чаму дым? Няўжо падпаліў?

  – Тр-р-рах! Тр-р-рах!

  Ірве з недалётам, перад ланцугом. На некалькі секунд танкі прападаюць за снежна-земляной хмарай выбухаў. Я тыцкаюся тварам у дол. Наўкола шастаюць камякі, і калі вецер зганяе з варонак дым, наперадзе – незразумела радасны цуд: адзін танк гарыць!

  Проста не верыцца, але так. Танкісты з яго ўжо павыскоквалі. У борце і ў вежы расчынены люкі, зад увесь у агні. Два бліжнія да яго танкі спыняюцца. Пагорак адзываецца траскотнай вогненнай ярасцю.