Мертвым не балиць, частка 1

  – Па бочках агонь! Па бочках! – праз гул і грукат прарываецца зводдаль крык Еўсюкова.

  I тут толькі я разумею: на танках бочкі з гаручым. Таму і такая ўдача.

  Я прыцэльваюся ў нейкі бліжэйшы да нас танк, які марудна паварочвае свае шырокія грудзі на наш пагорак. Здаецца, у яго на борце нешта тырчыць. Бочкі ці не, адсюль не разгледзіш. I я паспешліва страляю збоку, пакуль гэтае нешта яшчэ не закрыла вежа. Толькі знаку ад майго стрэлу ніякага – ні агню, ні дыму. А побач яшчэ і яшчэ бліскаюць трасіруючыя суседа ў паўшубку.

  Той, задні, ужо апантана гарыць. Чырвоныя космы агню шугаюць на ветры, і чорны хвост дыму размашыста сцелецца над стэпам. Астатнія яго пакінулі, абышлі і паспешліва разварочваюцца ўнізе на наш пагорак. Паветра над ланцугом туга ніжуць іх густыя малапрыцэльныя чэргі.

  «Не, гэта вам не ў балцы! Гэта вам не ў балцы!» – крычыць ва мне злы, няўрымслівы голас. Нядаўняя паныласць знікае. Я ўжо гатовы біцца. Я нават хачу, каб яны хутчэй падышлі. Дзіўнае, незразумелае жаданне! Але ўсё роўна хачу. Мяне распірае запал і зларадства. I, мусіць, толькі таму, што гарыць іх падпалены куляй танк. Астатнія ж адзінаццаць сунуцца бліжэй. Неўзабаве нам будзе туга.

  Але хай!

  Ланцуг дружна бахае, стракоча, грукае бязладнымі стрэламі. Упарта б’е трасіруючымі сусед. Я прыглядаюся да ягонай вінтоўкі, і ў мяне з’яўляецца здагадка, што яна трафейная, як і мой карабін. Гэта нараджае пэўную думку. Я падхопліваюся са свайго месца і на каленях і руках кідаюся ў снег. Ззаду зноў блізка гахае. Зямля пада мной пругка ўздрыгвае, асколкі распорваюць неба. Я падграбаюся да чалавека ў паўшубку.

  – Як бы патрончыкаў? Хоць абойму, га?

  Чалавек, не зважаючы на мяне, засяроджана цэліцца і страляе. Пасля сутаргава хапаецца за рукаятку затвора. Ён ужо немалады, з сівымі скронямі. Пад белым каўняром паўшубка відаць чырвоны кант кіцеля – значыць, камандзір.

  – Няма патронаў, – хрыпіць ён пракураным шапялявым голасам, які мне здаецца знаёмы.

  Ды гэта ж наш учарашні знаёмы – капітан, які ў сяле разгружаў «студэбекеры». Вось табе і ДОП! Не паслухаў тады, а цяпер прыпёрла! У яго адтапыранай кішэні тырчаць каляровыя дзюбкі патронаў. I вось не дае...

  Мяне ахоплівае злосць. Так і карціць аблаяць яго, але цяпер не да гэтага.

  – Хоць адну абойму! – раздражнёна прашу я. Капітан паварочваецца ад карабіна.

  – Ды ну, каціся адсюль! Не дэмаскіруй!

  Ён коратка зыркае на мяне, і я ўпершыню бачу яго напалоханы твар, мітуслівыя вочы, разяўлены рот – ён яўна баіцца. Як жа гэта ён падбіў тады танк? Баючыся? Насуперак страху? Але і я, мусіць, такі. Толькі я не бачу сябе. Усе мы тут не ў лепшым выглядзе, і не дзіва. Вылаяўшыся ад прыкрасці, я па снезе грабуся ад яго на сваё месца. Але не прапаўзаю і паловы шляху, як ззаду люта расшчэпліваецца зямля, мяне аглушае. Адначасна нешта хлёстка выцінае па бядру і карку. Праўда, у секунднай яснасці я адчуваю: гэта не асколак – гэта камякі. Крутнуўшыся на снезе, зараз жа азіраюся – наўздагон шугае тугі, змрочны клуб дыму. Секунд пяць капітана зусім не відаць, потым праз дым на доле пачынае краямі азначацца варонка. Адна пустая, свежая, пыльная варонка, і больш нічога. Разграбаючы рукамі снег, я кідаюся да яе. Там цяпер сховішча, а мо і паратунак. Я ўжо ведаю: другі раз у адно месца снарады не падаюць.