Мертвым не балиць, частка 1

  – Старшы лейтэнант Кротаў – у голаў калоны!

  Паўтораная зычнымі, глухімі і сіпатымі ад прастуды галасамі коціцца па калоне каманда. Апошнім яе выкрыквае нехта з тых, што замыкаюць калону пярэдняй роты. Выкрыквае і задаволена паварочваецца, нібы для таго, каб убачыць, якое ўражанне на батальён зрабіў яго натужлівы, хрыплаваты голас. Гэта зусім блізка, і я, ідучы ззаду, бачу немалады ўжо, азызлы ад сцюжы твар, сціснуты вушамі падвязанай пад барадой шапкі. Углядаючыся, баец выцягвае з каўняра маршчыністую шыю і спыняе на кімсьці свій позірк. Тады і я паварочваюся. Камандзір шостай стралковай роты Кротаў, апяразаны па ватоўцы дзвюма кавалерыйскімі партупеямі, нібы не чуючы выкліку, валюхаста брыдзе па сыпкім снезе ўзбочыны. Як заўжды, у яго цёмных, зласнаватых вачах лішак зацятае камандзірскае строгасці.

  – Вас – у голаў калоны, – кажу я, падумаўшы, што ротны недачуў каманду.

  Кротаў, аднак, не зірнуўшы на мяне, ваўкавата кідае:

  – Чую. Не аглух!

  Калона тым часам памалу спыняецца. Заднія яшчэ зморана валакуцца па растаптаным сотняю ног снезе, а пярэднія ўжо спяшаюцца выкарыстаць кароценькі няўрочны прыпынак і паспешліва знімаюць з сябе ацежалелую за дарогу зброю. Тырчком, прыкладамі ў снег, дзёўбаюць даўжэзныя ПТР; асцярожна, рукаяткамі ў каляіны, апускаюцца долу целы «максімаў»; мінамётчыкі з палёгкай звальваюць з плеч цяжкія рабрыстыя плахі апорных пліт.

  I вось ужо нехта валіцца на некратаны ботамі снег палявой узбочыны, нехта брыдзе за патрэбай у зблытаны і паламаны зараснік кукурузы, што шырокім прасцягам шарэе абапал дарогі. У вячэрнім сутонні над заснежаным стэпам вее саладкаватым, надзіва духмяным і дамавітым дымком махоркі.

  – Ну што ж, перакурым гэтае дзела, – кажа ўсё той жа немалады, відаць, цягавіты баец і паварочвае да ўзбочыны.

  Пакамечаныя полы яго шынялька старанна падаткнуты пад дзягу, на спіне, прышпіленая да рэчмяшка, целяпаецца непатрэбная пакуль што каска. 3 нейкага часу мяне мімаволі пачынаюць цікавіць галаўныя ўборы. Хоць, на жаль, я ведаю, што ні каска, ні шапка не падыдуць: трэба было аб тым дбаць раней. Але тады я не дбаў, і асколак ад нямецкага снарада два дні назад крамсануў мяне па патыліцы. Праўда, нічога страшнага ён не нарабіў, і ўсё ж пасля перавязкі аказалася, што шапка паверх бінтоў не налазіць, а каска балюча муляе. Так і застаўся я з абкручанай бінтамі галавой. Наліха, санінструктар разам не забінтаваў яшчэ і вушэй, дык яны ноччу крыху падмерзлі і цяпер баляць пад бінтамі.

  Я таксама сходжу на ўзбочыну, туды, дзе на краі дарогі стаіць кулямётчык з трэцяга ўзвода нашае роты, прозвішча якога я ўсё не магу запомніць. Гэта малады спрытны баец у нізенька і зухавата накручаных абмотках. Зачэрпнуўшы шэраю, хатняга вязання сподкай чыстага снегу, ён з асалодай смокча яго, цікуючы наўкола зыркімі вачыма. У другой ягонай руцэ «дзегцяроў».

  – Мусіць, шостую роту ў ГПЗ? – кажа ён да мяне. – Цяпер, лічы, усе трафейчыкі іхнія...

  I, саўгануўшы на патыліцу шапку, зноў зачэрпвае снегу. Белабрысы твар яго тоіць цікаўнасць і прыцішаную хлапечую гарэзнасць. Я маўчу, бо ці мала па якой патрэбе могуць выклікаць да камбата ротнага Кротава! Той стары з чацвёртае роты таксама падыходзіць да нас і лаканічна згаджаецца: