Мертвым не балиць, частка 1

  – Ну, пашэнціла гэтым...

  Ён варушыць рукамі ў кішэнях, мабыць, дастаючы закурку, і праводзіць позіркам чацвярых разведчыкаў, што таропка ідуць паўз людзей некуды ў хвост калоны. Яны ў запэцканых белых маскхалатах, на якія надзеты аўтаматы і брызентавыя сумкі з ражкамі-магазінамі. Хлопцы прыкметна спяшаюцца, і выгляд ва ўсіх незадаволены. Мусіць, у разведкі дзесьці нелады.

  – Марухоў, прывет! – кідае кулямётчык, відаць, пазнаўшы сярод іх знаёмага. – Што, шостую ў ГПЗ?

  – Якая к чорту ГПЗ! – злосна бурчыць пярэдні. – Кротаву шыю мыляць.

  Кулямётчык у ссунутай шапцы разяўляе рот. На кончыку языка ў яго – снег.

  – Пэўна, за Іваніўку? Ага?

  – Ага.

  – Ну і ну! – кажа пажылы, затрымаўшы ў парэпаных пальцах курэцкае начынне. – Гэта ўжо ўсыпяць!..

  Ён пачынае скручваць цыгарку, побач у недаўменнай цікаўнасці разяўляюць раты байцы. Нехта за маёй спіной ахвотна пацвярджае:

  – А ты думаў! Калі ўжо начальства ўмяшалася – усыпле...

  Яны толькі цяпер здагадаліся, а я ўжо зранку думаю над усёй гэтай справай. Яшчэ на світанні ў Вялікую Севярынку да камбата прыязджаў штабны афіцэр капітан Сахно, які і раздзьмуў гэтую гісторыю з начлегам шостай роты. А цяпер вось якіх чвэрць гадзіны назад паўз калону праскакаў на кані старшына Шашок, ардынарац-паручэнец, ці як там яго называюць, – словам, пісар са штаба. Яшчэ ён запытаў у мяне, дзе камбат, і я махнуў рукой туды, у галаву калоны. Мусіць, таму і спынім батальён сярод стэпу. Так, відаць, будзе гэтаму Кротаву.

  Кулямётчык тым часам спатольвае прагу і выбівае адна аб адну сподкі.

  – Гэй, бамбаловы! – гарэзна крычыць ён да байцоў шостай роты. Іх у нас здаўна, мабыць, яшчэ з Курскай дугі, завуць бамбаловамі, хоць, пэўна, мала хто ўжо і памятае, што азначае гэта мянушка. – Цераз левае плячо кругом марш! У штрафную!

  Аднак шостая, відаць, не хоча застацца ў даўгу.

  – Ага, у штрафную! А хто ж тады вас будзе з-пад танкаў ратаваць?!

  Гэта – усім зразумелы намёк. Тыдзень назад шостая рота адсечным агнём з фланга падсобіла нашай роце, якую атакавалі нямецкія танкі з пяхотай.

  – Ці не вы гэта ўратуеце! Вы ж пабраталіся! – з’едліва папракае кулямётчык. Але тое ўжо праз меру, і я паварочваюся да байца.

  – Ну, ну! Даволі!

  Кулямётчык ніякавата жмурыцца, адчуваючы, што перабаршчыў, і мне хочацца напомніць яму нешта накшталт: жартуй, але ведай меру.

  Аднак спераду зноў даносіцца:

  – Малодшы лейтэнант Васілевіч – у голаў калоны!

  Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.