Мертвым не балиць, частка 2

Мяккая і цёплая варонка хавае мяне ад агню. Праўда, тут моцна смярдзіць трацілам і неглыбока, не болей чым на аднаго. Але кулям мяне не дастаць. Капітана нідзе няма. I нічога ад яго тут няма. Нават дзіўна! Толькі вось пад бокам у мяне нешта муляе, я мацаю рукой – гэта закапцелы прыклад карабіна з абарванай почапкай. I ўсё. Адкідваю абломак прэч. I тады бачу нешта недарэчнае воддаль. Пашкуматаны, вывернуты поўсцю наверх паўшубак з абрыўкам партупеі. Ля яго нешта шызавата-парнае, залітае крывёй. Кроў і наўкола, на перамешаным з зямлёю снезе. Эх, капітан, капітан!.. Але патроны! Гэтая думка надае мне раптоўнае жвавасці. Азірнуўшыся на танкі, я выскокваю з варонкі. Нізка прыгнуўшыся, сігаю да акрываўленых рэштак чалавека, ад якіх на марозе прыкметна ідзе пара. Зацяўшы гідлівасць, ліхаманкава варушу ашмоцце вопраткі. У дзіравай кішэні сапраўды дзве абоймы бранябойных патронаў. Адна, праўда, ужо расчатая, але бог з ёй. Побач у рукаве паўшубка пруцянее на снезе адарваная капітанава рука. Васковага колеру пальцы паціху растапырваюцца і заміраюць. Я хапаю патроны і кідаюся ў варонку.

  «Ну, гады, цяпер ідзіце! Цяпер мы падзіравім вашыя бочкі!» – думаю я, піхаючы ў магазін патроны. Тым болей што танкі ўжо падышлі бліжэй; цяпер ужо можна выбіраць, куды цэліць.

  Толькі чамусьці яны не ідуць. Яны ўсе сталі ў рад метраў за чатырыста ад ланцуга і скіроўваюць на пагорак свае гарматы. Я прыладжваюся на краі варонкі і не паспяваю яшчэ даўмецца, як быць далей, калі пагорак ва ўсю глыб скаланаецца ад некалькіх выбухаў. Над галовамі фыркочуць высокія асколкі. У паветры патыхае серная горыч трацілу. Я прыціскаюся да мяккага, пабітага асколкамі боку варонкі, уцягваю ў плечы галаву. Танкі пачынаюць беглы агонь з гармат.

  – Тр-рах! Тр-р-р – р-рах!.. Трах... рах! Ого, сабакі, вось гэта даюць! Пагорак завалаквае пылам, у паветры змрочны туман выбухаў. Снежны дол хутка чарнее ад безлічы воспін-варонак. Я бачу, як на тым фланзе нехта перабягае. Але не зразумееш куды – назад ці ў варонку. Цяпер неакапаным – ліха.

  Я страляю. Праўда, карысці ад таго пакуль што ніякай. Наперадзе толькі мільгане бліскаўка, і ўсё. Куды трапляюць кулі, не зразумееш. На танках калі і ёсць бочкі, дык яны ўжо ўсе прыкрыты вежамі. Цяпер іх не возьмеш – гэта не з борта. Біць жа ў браню – марная справа.

  I тут гахае зусім побач. Мяне зноў глушыць, бы затыкае ватаю вушы. Зверху сыплецца, сыплецца без канца. Ну і ну! Палой шыняля я захінаю карабін і курчуся ў варонцы. Ірве яшчэ і яшчэ. Пры кожным выбуху цела незнарок туга, да болю сціскаецца. Нутро маё, раз-пораз скаланаючыся, прымае на сябе штуршкі ад зямлі. Але трэба паглядзець, дзе танкі. Аказваецца, яны не спяшаюцца. Пасля першага дружнага напору іх страляніна радзее. Радзеюць і выбухі. Цяпер яны б’юць прыцэльна. Сволачы! Што робяць! Стрэл – выбух, і аднаго байца ў нашым ланцугу няма. Пасля выбух на месцы другога. Ось гэта тактыка! Такой я яшчэ не бачыў. Яны выбіваюць нас паасобку. На месцы байцоў у ланцугу рад чорных варонак. Так нас ненадоўга хопіць.

  Каб хоць пашэнціла пацэліць у трыплекс! Асляпіць які танк! Я зноў прыкладваюся і страляю ў каўпак перыскопа, што ледзьве ўгадваецца на плоскай вежы. Толькі не трапіш – далёка... Хапаюся за рукаятку, каб перазарадзіць, як раптам нешта размашыста сцёбае па твары, заляпляе вочы, рот... Ацёршыся рукавом, бачу – за два крокі наперадзе тырчыць у снезе снаряд. Ірване! Я сцінаюся ў варонцы, ашчаперыўшы голаў. Але праз секунду разумею: не рване, гэта балванка. Яны ўжо б’юць па нас і балванкамі.