Мертвым не балиць, частка 2

  – Прыпёрлі, дык здаўся. А наогул я не пытаюся, што ён там гаворыць! – суха абрывае яго Сахно. – I вы лепш памаўчалі б, лейтэнант.

  Лейтэнант бяскрыўдна змаўкае, а маю нагу раптам працінае востры нутраны боль. Я незнарок скаланаюся. Каця нязлосна прыкрыквае:

  – Ціха, ты! Што брыкаешся, як дзеўка!

  – Ого, так ірванула...

  – Ладна. Стрываеш. А галава як? Нішто?

  – Галава нічога, – кажу я, абы не чапаць раны.

  Каця пачынае туга аббінтоўваць ступню, і я зноў пазіраю на лейтэнанта, які пачынае ладзіць сабе закурку. Ён абуджае ў мяне цікавасць. Тое, што ён так складна загаварыў па-нямецку, яго тон і яшчэ нешта амаль незаўважнае ў яго голасе няўлоўна выдае ў ім інтэлігента, відаць, прызванага з запасу. Гэтыя людзі заўжды выклікаюць ва мне нейкую павагу, бо ёсць у іх штосьці цікавае і значнае, чаго часцяком не хапае кадравым. I хоць няёмка мне набівацца цяпер у знаёмства, усё ж я пытаюся:

  – Вы не са сто адзінаццатай?

  Лейтэнант слініць паперку і не вельмі спрытна склейвае з яе цыгарку. Адразу відаць, што да самакрутак яшчэ не прывык.

  – Не. Я з упраўлення арміі. З газеты.

  – Што, з рэдакцыі?

  – Угадалі. А што вас здзіўляе?

  – Ды так, нічога, – адказваю я, хоць сапраўды трошкі здзіўлены такім знаёмствам.

  Мне яшчэ не даводзілася сустракаць журналістаў, тым болей на фронце. I я проста не магу ўжо схаваць мае цікаўнасці да гэтага чалавека. А ён, здаецца, абыякавы да ўсяго тут. Засяроджана прыкурвае ад запалкі і смачна зацягваецца. Шчокі яго, калючыя ад чорнага маладога шчаціння, здаюцца глыбока запалымі. Хударлявы, нейкі нават хваравіты твар непрыгожы. Хоць па званню гэты чалавек амаль раўня нам, па ўзросту ён старэй за нас год на пятнаццаць. Я кідаю позірк на Юрку і таксама лаўлю ў ягоных вачах стоены водбліск цікаўнасці. Дзіва што: я памятаю, як некалі Юрка расказваў пра свае даваенныя мары стаць журналістам...

  Лейтэнант моўчкі курыць, і размова наша не вяжацца.

  – Ну вось і ўсё, – кажа Каця нарэшце, абрываючы бінт. – Беражы рану. А то столькі бруду набілася!..

  Яна зазірае на Юрку, але вочы ў таго ўжо заплюшчаны, і дзяўчына сцішана, толькі мне аднаму, паведамляе:

  – За ім глядзець трэба. Слабы ён. Каб часам не...

  Я ўздыхаю. Здаецца мне, Юркавы вейкі ледзьве ўздрыгваюць у цемры. Мабыць, ён прыкмячае нашую на сабе ўвагу.

  – Нічога. Як-небудзь...

  – Сястра! Мне во перавязаць трэба! – кліча хтось Кацю.

  – Раней мне. Я ўжо даўно чакаю.

  – Зараз, зараз, родненькія. Не ўсім адразу.

  Каця прабіраецца між людзей далей, а Юрка, прыкметна напружваючыся, каб стрымаць стогн, пытаецца:

  – Што, пяхоты ў немцаў багата?

  – Знаеш, пяхоты не было, Юрка. Калі б пяхота, нам бы не ўтрымацца. А так з тузін танкаў. Двох падпалілі.

  Юрка расплюшчвае пакутніцкія вочы і нерухомым поглядам устаўляецца кудысь у змрочнае невысокае падстолле.