Мертвым не балиць, частка 2

Я міжвольна прыцінаю дыханне, спадзеючыся пачуць нешта цікавае. Аднак разумею па-нямецку я не багата і не магу разабраць сэнсу іх хуткіх невыразных фраз. Здаецца, яны кранаюць філасофію, бо я чую знаёмыя імёны: Кант, Ніцшэ, Шапенгауэр. Лейтэнант пры тым ажыўляецца. Энгель адказвае коратка, нярэдка паціскаючы плячыма.

  Аднак яны выпускаюць з-пад увагі Сахно, які, не марудзячы, напамінае аб сабе.

  – Лейтэнант, падыдзіце сюды! – стрымана кліча ён з-за стала.

  – Вы хочаце мне нешта паведаміць? – пытаецца лейтэнант.

  Сахно, аднак, зацята маўчыць, і лейтэнант, памарудзіўшы, нетаропка ўстае з-пад сцяны.

  З хвіліну ў іх там адбываецца, відаць, не вельмі прыемная размова, якой мне адсюль не чуваць. I калі лейтэнант вяртаецца на сваё месца, па ягоным выглядзе я разумею, што гутаркі з немцам у іх ужо не будзе. Лейтэнант шматзначна ўздыхае.

  – Да, дзіўная камандзіровачка!.. Паехаў напісаць нарыс пра наступленне. Ды вось абярнулася, што сам на аловак трапіў...

  – А вы напішыце і пра гэта.

  Лейтэнант соўгае бровамі.

  – Пра гэта не напішаш.

  

  

  У хаце робіцца ціха...

  Мусіць, я пачынаю драмаць, ды раптам прахопліваюся, бо, здаецца, штосьці гаворыць Юрка. Сапраўды, ён неспакойна матляе галавой. Паўшубак споўз з ягоных грудзей, вочы заплюшчаны. З раптоўна ахапіўшай мяне трывогай я дакранаюся да яго лба. Ён сухі і палае ў гарачцы. Юрка на мой дотык, аднак, не рэагуе.

  У хаце па-ранейшаму відна. Гамана, зрэшты, прыціхла. Мусіць, параненыя спяць. Хоць наўрад ці ўсе спяць – ля парога варушыцца канваір. На нерухомым твары суседа пад сцяной напружана раскрытыя вочы. У іх раздумна трымціць знаёмы мне неспакой – як усё гэта абернецца?

  – Юр... Вады, га? На вады, Юра...

  Юрка не адказвае, толькі матляе крута адкінутай галавой і дробненька-часта дыхае. У грудзях у яго мокры булькотны хрып, які чуваць нават зводдаль. На вуснах – роспачна-трывожны шэпт:

  – Ну!.. Што ты? Мамачка!.. Не трэба!.. Не трэба!.. Ну, што ты! Так!.. Інакш нельга...

  Я прыслухоўваюся і разумею – Юрка трызніць. Гэта ўжо кепска: ён у непрытомнасці. Але што рабіць?

  – Чаму ты не ідзеш?.. Оля!.. Аленка!.. Ты даруй... Я ўсё разумею... Олечка... Мама!..

  Вядома, гэта трызненне, але нейкі час я міжвольна стараюся пранікнуць у сэнс Юркавых слоў. Толькі дарма. Тады я пачынаю баяцца, каб з Юркам не здарылася тое самае горшае, што цяпер так блізка ля яго. I ў гэты час водгукі новай падзеі далятаюць да нашай хаціны.

  Спачатку нехта быццам спрасонку няпэўна заўважае: «Гудуць, га?» Заняты сваім клопатам, я не звяртаю на тое асаблівай увагі. Потым да слыху пачынае даносіцца знадворку знаёмы вышынны гул. Ён хутка мацнее, і вось у зямлі пад намі аддаюцца першыя выбухі. Гэта бамбёжка. Праўда, бамбяць дзесь далёка. Ва ўсякім разе, не ў гэтым сяле. Але бамбяць, чуваць па ўсім, немцы. Нехта, напусціўшы ў хату сцюжы, выходзіць на двор. За ім да дзвярэй лезе другі. Сонны спакой у хаце мінаецца. Па кутках пачынаецца буркатня і застарэлы прастудны кашаль.