Мертвым не балиць, частка 2

  – Наляцелі каршуны праклятыя! Цяпер дадуць прыкурыць...

  – Хоць бы не сюды. Хай іх халера! Страх не люблю бамбёжак.

  – Хто іх любіць!

  I раптам гул нібы прарываецца з месячнай нябеснай вышыні. Недзе, ужо зусім блізка (ці не на ваколіцы?) гахаюць запар некалькі раскацістых бомбавых выбухаў. Наш дом спуджана ўздрыгвае ўсімі сваімі чатырма сценамі. У куце з бразгатам падае на падлогу кацялок.

  – Дачакаліся! – выпальвае хтось у змроку, і па рэзкім крыўдлівым голасе я пазнаю нашага знаёмага лётчыка. – Дачакаліся, маць іх за нагу! Дзе начальства?! – амаль роспачна выкрыквае ён.

  Але начальства няма. Мы ўсе тут аднолькава радавыя – параненыя. I толькі Каця, як і шмат ужо разоў у такіх выпадках, грубавата прыкрыквае:

  – Ану, усе ўніз! Усе на падлогу! Прэч з лавак!

  Параненыя неахвотна злазяць са сталоў, з лавак і месцяцца на доле.

  Я пазіраю ў кут – за сталом ужо нікога няма. Сахно, пэўна, недзе схаваўся. I толькі на сярэдзіне хаты – падсветленая месяцам постаць Каці ў накінутым на плечы паўшубку.

  – Лажыся, лажыся! I каб ціха. Ніякай панікі!..

  Блізка за сялом пачынаецца грымотная калатнеча бамбёжкі. Выбухі, адзін мацней за другі, разрываюць ноч. Зямля кожны раз апантана здрыгаецца. Са столі на нашы галовы нешта сыплецца. Мы, стаіўшы дыханне, ціснемся да падлогі, услухоўваемся і напружана чакаем, калі ж урэшце скончыцца гэтае праклятае выпрабаванне. Нехта тым часам лаецца. Нехта ціха сам сабе стогне. На вуліцы бегатня і ўстрывожаныя рэдкія воклічы. А ля мяне ўсім целам калоціцца, кідаецца ў гарачцы Юрка.

  – Мам... Мамачка, стой! Не ідзі. Агонь... Куды ён? Куды коціцца? Трымайце ж вы...

  Над хатай цяжкі маторны грукат. Здаецца, з неба рушыцца нешта агромніста-страшнае. Але яно праносіцца ўгары міма, і ноч скаланаюць два выбухі. Агнявыя водбліскі ў вокнах на некалькі секунд асляпляюць нас. Здаецца, разляціцца дашчэнту хата. I нават дзіўна, калі праз імгненне аказваецца, што яна стаіць, як стаяла. Толькі чамусь са спазнелым грукатам расчыняюцца на ганак дзверы. Але гэта не ад бомбы. Гэта нейкі баец урываецца ў наш прытулак.

  – Гэй, славяне! – утрапёна крычыць ён з парога. – На тым канцы немцы!..

  У хаце сутаргавы рух, і ўсе нямеюць. На імгненне нас скоўвае збянтэжанасць, за якой нехта нядобра лаецца.

  – Гінуць, ці што? У канцы канцоў...

  – Чаму нас пакінулі? Дзе справядлівасць? Дзе клопат пра раненых?

  – Ціха! Ці-ха! – прарываючы гаману, зноў раздаецца голас Сахно. – Я забараняю! Спыніць размовы!

  – Хто там забараняе?! – крычыць з-пад лаўкі лётчык. – Ты вунь забарані нас дабіваць. Дзе начальства? Давай начальства!

  – Трэба да начальства!..

  – Генерала сюды! – гудуць устрывожаныя галасы. Нехта, кульгаючы, спешна выходзіць з хаты.

  За ім да дзвярэй прабіраюцца яшчэ двое. Тады ў парог аднекуль з кута лезе сутулая постаць Сахно.