Мертвым не балиць, частка 2

– Стой! Спыніць паніку! Я загадваю!

  Хата робіцца як раз’юшаны, растрывожаны мурашнік.

  – Пры чым тут паніка?!

  – Пайшоў ты...

  – Знайшоўся пугала! Не такіх бачылі!

  – Ты начальства давай!

  – Давай транспарт! Мы таксама жыць хочам.

  Людзі ўстаюць, хто можа. Іншыя ляжаць. Бамбёжка, здаецца, уціхае. Гул угары аддаляецца. Мабыць, самалёты павяртаюць назад. Затое становіцца мацнейшай кулямётная траскатня. З расчыненых дзвярэй у хату валяць клубы сцюжы.

  Ціха, але зусім па-мужчынску вылаяўшыся, да выхаду лезе Каця.

  – Не, ужо ўчарашняга не будзе! – кажа яна. – Я зараз...

  Дзяўчына хоча выйсці, але шлях ёй загароджвае Сахно. Упершыся нагой у вушак, ён стаіць у расчыненых дзвярах. У здаровай яго руцэ пісталет.

  – Назад!

  – Ты што – ачумеў? Ану, пусці! Я да начальства.

  – Назад! – у нейкай звярынай зацятасці гыркае Сахно.

  Каця раптам дужа штурхае яго і, прыгнуўшыся, шмыгае ў дзверы.

  – Назад! Застрэлю!

  Ён і сапраўды страляе, нечакана глушачы ўсіх нас. У мяне здрыгаецца сэрца: ці не здурнеў ён, гэты законнік? Побач узнімаецца з падлогі лейтэнант і разважлівым голасам звяртаецца да раз’юшанага капітана:

  – Паслухайце, што за спектакль? Сапраўды трэба далажыць начальству. Трэба ж эвакуіраваць параненых. Што вы ўперліся?

  – Маўчаць! Я загадваю – маўчаць!

  Шырока расставіўшы ногі, Сахно шэраю нязрушнай глыбай стаіць у дзвярах. Шсталет ягоны скіраваны ў хату. На падлозе робіцца вельмі сцюдзёна.

  – Яму абы маўчаць! – злосна зазначае нехта.

  Аднак патроху ў хаце змаўкаюць. Хто ведае, чаго можна чакаць ад гэтага чалавека.

  Сахно стаіць так даволі доўга, і мы ўсе маўчым. Толькі абпалены гучней, чым раней, стогне пад акном. Юрка сціхае і дробненька, булькотна дыхае. Я не магу даўмецца, што рабіць з ім, калі зноў, як і раніцай, давядзецца ўцякаць з сяла. Ці не лепш ужо адразу застрэліць яго і сябе?.. Аўтаматныя чэргі за аколіцай то прыціхаюць, то зноў густа рассыпаюцца ўначы.

  Але вось на вуліцы ўсчынаецца гамана. Пад акном рыпяць нечыя таропкія крокі – там група людзей. Ці не па нас? Коратка рыпае ганак, і прамень ліхтара ярка ўпіраецца ў настырчаную постаць Сахно.

  – Тут хто?

  – Тут параненыя, – змрочна, быццам нават незадаволена, адказвае Сахно. Аднак з парога не саступае.

  – А вы хто? Што вы тут робіце? – асвятліўшы пісталет у руцэ капітана, строга пытаецца камандзір.

  Раптам яркі прамень з ліхтарыка мільгае па нас на падлозе. Усе жмурацца.

  – Я прысякаю паніку! – усё тым жа тонам кажа Сахно.

  – Паніку?

  – Іменна так. Паніку.

  – Якую там паніку! – разважліва кажа нехта з цемрадзі хаты. – Нас у шпіталь трэба. Тут цяжкапараненыя ёсць.