Мертвым не балиць, частка 2

  Постаць невядомага павяртаецца да людзей. Ягоны моцны ліхтарык гойсае туды-сюды па аблеглых на падлозе людзях і спыняецца. Скрозь – шынялі, паўшубкі, бінты і насцярожаныя нерухомыя твары...

  – Я не ўпаўнаважаны наконт эвакуацыі, – цвёрдым камандзірскім голасам абвяшчае апяразаны рамянямі чалавек. – Сяло абыходзяць немцы... Палкоўнік Гардзееў загадаў: усіх у строй. Хто можа, прашу за мной! Зараз жа!

  – Гэта іншая справа, – пасля кароценькай паўзы адгукаецца нехта ў куце.

  – Па-людску. А то пісталетам грозіцца...

  – Ану, выходзь, хто можа!

  – Вядома, выходзь! А то ўсім крышка.

  З кута неўзабаве выбіраюцца двое. Устае нехта ад парога. Уздыхнуўшы, нялёгка ўзнімаецца лейтэнант з рэдакцыі. Я не ведаю, як быць мне. Няёмка адставаць ад іншых і не хочацца больш пакідаць Юрку. Адчуваю, без мяне ён загіне. Зноў праклятая нага востра разбалелася на ноч.

  – Стой! – нібы спахапіўшыся, зноў крычыць Сахно. – Маёр, спыніце людзей! Тут неправераны элемент.

  Маёр, які ўжо рушыў з дзвярэй, недзе спыняецца і бліскае на Сахно ліхтарыкам.

  – Які элемент?

  – Распрапагандаваны, антынастроены элемент. Тут размовы...

  – А кіньце вы, капітан! Якія размовы...

  Маёр выключае ліхтарык і знікае на ганку. За ім выходзяць чацвёра байцоў. Сахно некалькі секунд збянтэжана стаіць у дзвярах, пасля кідаецца за імі следам.

  – Маёр, вы будзеце адказваць! Я далажу палкоўніку! – даносіцца ўжо знадворку.

  Нехта ў хаце зноў брыдка лаецца.

  Лейтэнант ля сцяны няспешна рыхтуецца ісці. Спачатку ён старанна апускае вушы свае шапкі. Затым дастае з кішэні трохпалыя рукавіцы. Усе яго рухі паныла-замаруджаныя. Я бачу і ўсё разумею, як не хочацца яму ісці туды, адкуль, хто ведае, ці суджана будзе вярнуцца. Ля яго ног пакорна сядзіць, чагосьці чакаючы, немец. Я ў разгубленасці – што рабіць? Лейтэнант кідае позірк уніз на мяне, пасля – на Юрку. I я думаю, калі толькі ён скажа «пойдзем» – я ўстану. Але ён старанна ўсцягвае на пальцы рукавіцы і кораценька ўсміхаецца.

  – Ну, будзьце жывыя. Жадаю як-небудзь выбрацца адсюль.

  – Шчасліва! – кажу я, амаль расчулена. Не ведаю чаму, але за якую гадзіну ў маёй душы выспела нейкая неўсвядомленая яшчэ прыхільнасць да гэтага чалавека. З’яўляецца і знікае кароткае шкадаванне, што не пазнаёміліся як след, не пагутарылі. Але што ж... Мне хочацца напаследак чым-колечы памагчы яму.

  – Вазьміце мой карабін.

  – Не, дзякуй. У мяне пісталет, – кранае ён сваю кірзавую кабуру, – А зрэшты, усё адно. Там танкі.

  Ён пераступае цераз маю нагу і выходзіць праз расчыненыя дзверы на заліты месячным святлом двор. Я ж застаюся, пакутліва разважаючы над невясёлым сэнсам ягоных апошніх слоў. У хаце робіцца самотна і пуста.

  Ведама ж, не першы раз – кожны дзень адыходзяць назаўжды людзі. Таварышы, малазнаёмыя і зусім незнаёмыя. Адыходзяць, нечым закрануўшы душу і пакінуўшы ў ёй не заўжды зразумелы след. Многія і не вяртаюцца болей у наша жыццё, і сярод іх – слаўныя, так сабе, а то і благія таксама. I нам неўздагад часам, што ўсе яны пэўным чынам фарміруюць нас, нярэдка насупраць нашае волі лепяць нашы характары, нашы чалавечыя якасці. Пайшоў вось і Сахно, і нам тут ажно палягчэла – ну і чалавек! А з лейтэнантам я не хацеў бы ніколі разлучацца. Хоць і зусім не ведаю яго.