Мертвым не балиць, частка 2

  Юрка, што мне рабіць з табой? Няўжо на гэты раз мы не выберамся з праклятага ліха, у якое гэтак нечакана ўвязлі? Няўжо я так і не ўберагу цябе? I дзе ж гэта наша ратавальніца Каця, нешта ўжо яна бавіцца. Мо пакінула нас? Сапраўды, хто мы ёй: выпадковыя спадарожнікі? Навошта ёй гінуць з намі?

  У хаце прастарнее і сцюдзянее. На падлозе ляжаць адны цяжкапараненыя. Ля парога, на ранейшым месцы, хутаецца ў шынель немец. Канваіра ля яго ўжо няма. Знік Сахно, мусіць, уцёк і канваір. А немец не ўцякае. Скурчыўся і чакае чагосьці, забыты і пакінуты няўдака-палонны, да якога тут ні ў кога няма справы. Пад акном трасецца ў нейкім нервовым параксізме лётчык. Я падтыкаю пад Юрку канцы паўшубка і на каленях падпаўзаю да гэтага абгарэлага бедалагі. Хоць, папраўдзе, ён ужо нямала і надакучыў нам. Але і яму не соладка.

  – Як вы? Можа, памагчы чым?

  – Так. Павінен памагчы! – хуценька і настырна просіць лётчык. – Друг! Не дай мне загінуць. Мяне камандуючы ведае. Я дваццаць «месераў» збіў. Я да Героя прадстаўлены. Ты павінен звязацца з камандуючым. З самім камандуючым. Ты разумееш?

  – Як тут з ім звяжашся?

  – Ты павінен звязацца. Або хай выдзеляць танк. Хай адвязуць мяне ў танку. Я не павінен загінуць...

  Не, гэта не тое. Гэта занадта банальна. Ён баіцца загінуць! Быццам астатнім тут усё роўна – жыць ці памерці... Нібы таму, што ён прадстаўлены да Героя, яго жыцдё зрабілася даражэйшае. А Юрка прадстаўлены толькі да «Айчыннай», дык што ж яму – гінуць?

  Зануда! Спачуванне да яго раптам мяняецца на прыкрасць. Дае ж Бог такіх вось людзей! Я нават не ведаю, хто ён – афіцэр ці сяржант. Але ён мне канчаткова агідны.

  – Друг, ты панімаеш? Інакш я загіну! Ты чуеш?

  Так, я чую. Але я вяртаюся да Юркі, не маючы жадання яго суцяшаць. У самога ад тужлівага прадчування заходзіцца сэрца. За ваколіцай ваўсю грыміць бой – і танкавыя стрэлы, і аўтаматы. Я адчуваю: будзе ой як кепска! Каб хоць вярнулася Каця, з ёю неяк спакайней. Мы ўжо прывыклі за гэтыя суткі да яе грубаватага клопату. Я дзіўлюся: сапраўды, толькі адны суткі, як я сустрэў яе, а здаецца, ведаю ўжо даўно! Дзіўна, яна непрыгожая, рэзкая, а ўвогуле такая надзейная. Мабыць, на вайне гэта галоўнае.

  Сцішыўшыся, я прысланяюся да сцяны поплеч з немцам. Услухоўваюся ў траскатню бойкі і пачынаю чакаць Кацю. Неўзабаве чую, як нехта тупае па ганку, потым мацае рукой клямку. Я ўжо гатовы ўбачыць Кацю, але замест яе на парозе з’яўляецца Сахно.

  – Так. Хто ўдзень быў на вышыні? – суха пытаецца ён тонам камандзіра, які атрымаў несправядлівы наганяй ад начальства.

  Людзі ў хаце насцярожана прыцінаюць стогны.

  – Я пытаюся: хто абараняў за сялом вышыню?

  – Якую вышыню? – пытаецца нехта з абвязанай, у шынах, рукой. – Тую, дзе танкі?

  – Да. Тую.

  – Ну, і я абараняў. А што?

  – Прозвішча? – зацята пытаецца Сахно.

  – А навошта? Ордэн дасцё, ці што? – зусім не ў тон капітану жартуе паранены. – Цвіркун, ну...