Мертвым не балиць, частка 2

– Як?

  – Яфрэйтар Цвіркун.

  – Малодшы лейтэнант Васілевіч, запісвайце! – загадвае мне Сахно.

  «Не хапала клопату», – думаю я. У самога рука падвязана, дык ён прымушае мяне... I адкуль яго прыгнала на нашыя галовы? У абарону, глядзі ты, не пайшоў, а зноў ужо нешта расследуе. Некага падазрае ўжо і абвінавачвае. Таксама ваюе...

  – Яшчэ хто? – зноў пытаецца і чакае Сахно.

  Але болей, здаецца, абаронцаў таго пагорка тут няма. Усе, нядобра апанурыўшыся, маўчаць.

  – А вы, Васілевіч, там не былі? – раптам павяртаецца да мяне Сахно.

  – Ну, быў. А што?

  – Пачаму скрываеце? Запісвайце і сябе.

  – Я і так не забуду.

  – Вы ўсё памятаеце, так? А дзе старшына Еўсюкоў? – раптам шматзначна пытаецца Сахно. – Вы ж, здаецца, разам былі?

  – Разам. Ды тут разышліся. У сяле.

  Усе напружана маўчаць, пазіраючы на капітана. Ён таксама маўчыць, відаць, нешта мяркуючы. Робіцца ціха, і ў гэтай цішыні з’яўляюцца новыя гукі. Недзе па вуліцы ідуць танкі. Іх грукат сунецца ўсё бліжэй, бліжэй... «Хоць бы свае, не нямецкія, – б’ецца ў галаве спадзяванка. – Але калі і нашы, дык куды яны ідуць?»

  – А што, капітан, здарылася?

  – Што здарылася? – з’едліва перапытвае Сахно. – Не ведаеце, што здарылася? Абарону кінулі, во што здарылася.

  Ну, вядома, недзе няўпраўка, хтосьці правароніў, і цяпер шукаюць вінаватага стрэлачніка – Еўсюкова. Але пры чым тут Еўсюкоў?

  Заглушаючы грукатам блізкую ўжо бязладную страляніну, паўз нашыя вокны праходзіць адзін танк, затым другі. Нехта ў шапцы з растапыранымі вушамі паўзе да акна і ўзіраецца ў светлаватую прыпатнелую шыбу. Першыя танкі, чуваць, аддаляюцца. Але з другога канца сяла зноў нарастае грукат.

  – Вось табе, кума, і хрэсьбіны! – гучна гаворыць ад акна баец. – Танкі-та ўходзяць.

  – Як уходзяць?

  – Куды ўходзяць?

  З раптоўна апанылым сэрцам, я таксама кідаюся да акна. Сапраўды, напоўніўшы сяло грукатам, некалькі танкаў хутка коцяцца па зімовай вуліцы. Іх браня густа аблеплена шэрымі сілуэтамі аўтаматчыкаў.

  Сахно, раптам нібы забыўшыся пра нас, моўчкі выскоквае на вуліцу. Я падпаўзаю да Юркі. Што ж гэта робіцца? Я тармашу сябра: думаю, можа, ачнецца. Як бы не трапіць у новую пастку.

  Параненыя таропка адзін за адным выпаўзаюць з хаты. Хто са стогнам, а хто моўчкі. Цяпер толькі б на вуліцу, па якой адыходзіць апошняя надзея.

  На вуліцы бягуць людзі, фыркочуць танкі. У іх свае клопаты, свае баявыя справы. Што ім параненыя! Лётчык, лаючыся, устае на калені і, охаючы, слепа грабецца да выхаду.

  Як-колечы ўздзеўшы Юркавы рукі ў рукавы паўшубка, я ўхутваю ім сябра. Затым толькі хапаю яго, каб валачы ў дзверы, як у хату ўбягае змораная, рухавая ад паспешлівасці Каця. Я ледзьве не ўскокваю ад радасці, бо ўраз адчуваю: гэта па нас! I сапраўды, Каця голасна выпальвае: