Мертвым не балиць, частка 2

– Ану – на машыны! Хутка! Хто сам не здолее – гукніце!

  «Эх, паспяшаўся!» – са шкадаваннем мільгае ў свядомасці пра таго, у куце, і я тут жа забываюся аб ім. Я падхопліваю Юрку пад пахі, немец услужліва паднімае яго за ногі. Каця дае нам на праходзе дарогу і сама кідаецца да лётчыка, які капошыцца ля парога. Мы выцягваем Юрку на двор і там сутыкаемся з высокім і няўклюдна тоўстым камандзірам у танкавым шлеме і камбінезоне. З жартоўнай лёгкасцю ён прытопвае валёнкамі і ляскае рукавіцамі.

  – Жывей, арлы! Жывей, ядрона вошка! А то коні астынуць. Ану, давай падмагу.

  I падхоплівае за паўшубак Юрку. Да яго падскоквае другі, у шлеме. «Таварыш падпалкоўнік, я!» Яны ўдвух пераймаюць з маіх рук Юрку. I я адчуваю шчымлівую ўдзячнасць да гэтага падпалкоўніка. Глядзі, які маладзец, – спыніў для раненых танкі! Але ўсё, мусіць, Каця? Яны ўдвух з дапамогай немца ўсцягваюць Юрку на браню танка, следам, бязладна чапляючыся за бакавы трос, узлязаю я. А падпалкоўнік лёгка саскоквае, каб памагчы Каці.

  – Давай гэтага туды, на тройку. Эй, герой, падсабі! – звяртаецца ён да немца.

  Той у фукаце малых абаротаў матора, аднак, не чуе або не разумее. Стаіць унізе ля танка, відаць, не ведаючы, ці можна яму сюды ўзлезці. I тут між танкаў аднекуль з’яўляецца Сахно.

  – Таварыш падпалкоўнік, гэта – немец. Яго трэба ліквідаваць. Зараз жа.

  Падпалкоўнік, несучы з Кацяй параненага, здзіўлена ўскідвае голаў у рабрыстым шлеме. Сахно тым часам расшпільвае кабуру. Ён ужо ўпэўнены, што падпалкоўнік не запярэчыць. Гэтая яго самаўпэўненасць адзываецца ва мне шаленствам. Не ад жаласці да немца, а каб дапячы Сахно, я крычу:

  – Не слухайце! Таварыш падпалкоўнік... гэта язык... Яго да генерала загадана...

  – Да якога генерала? – няўцямна пытаецца падпалкоўнік і тут жа махае рукой. – Хай едзе, чорт з ім! Шлёпнуць паспееце.

  «Ага, выкусі!» – зларадна мільгае ў мяне, і я крычу немцу:

  – Ком! Хутка!

  Сахно, бачу, хоча запярэчыць, але танкісты спяшаюцца. Вежавы люк за маёй спіной, лязнуўшы, зачыняецца. Абодва танкі, зафыркаўшы, дадаюць абароты, і Сахно, ссунуўшы кабуру, кідаецца да нас на браню.

  – Ты май на ўвазе: уцячэ – пад трыбунал загрыміш! – узлезшы, крычыць ён мне ў самае вуха.

  «Пайшоў ты да такой-сякой матары!» – з лютай нянавісцю думаю я.

  

  

  Бавячы час, мы з ленаю асалодай п’ем піва. Гарбацюк распрануўся і сядзіць у адной светлай шаўковай тэнісцы. Ягоны пінжак вісіць на спінцы стула. Яму душна. З маіх плеч, здаецца, спадае гара. Ён – не Сахно. Я толькі дзіўлюся цяпер, якая гэта нячыстая сіла асляпіла мяне і не дала даўмецца, што я памыляюся. Гэта зусім іншы чалавек.

  Людзей у рэстаране меншае. Некаторыя столікі зусім пусцеюць, і афіцыянткі страсаюць абрусы. Нашы маладыя суседзі ўсё яшчэ сядзяць, весела паміж сабой гамонячы. На стале ў іх тры парожнія бутэлькі з абадранай фалыой. Гарбацюк варочаецца, сапе, аблакочваецца на спінку стула і з дабрадушнаю сытасцю пазірае ў залу. Наколькі гэта можна зразумець за вечар, ён трошкі з ганарком, але ўвогуле – праставаты і дабрадушны дзядзька.