Мертвым не балиць, частка 2

  – Ведаеце, а я прыняў вас за другога, – шчыра прызнаюся я. – За аднаго свалачнога чалавека. З вайны яшчэ. Гарбацюк спагадліва ўсміхаецца.

  – Мусіць, якога здрадніка?

  – Не. Ён – не падобны на здрадніка.

  – Трус?

  – I не трус. Дзе гэта было трэба, ён нават быў храбры. Ды і іншым баяцца не даваў.

  – Строгі, значыць?

  – Строгі – не тое слова. Хутчэй – бязлітасны.

  Гарбацюк павяртаецца да стала.

  – Ну, на вайне бязлітаснасць – не грэх...

  Нешта мы губляем ніць узаемаразумення. Здаецца, ён не згодны са мной. Але гэта непаразуменне. Як бы яму лепш давесці, што гэта не проста выкананне загаду. Тут іншае. А Гарбацюк тым часам паблажліва ўхмыляецца: у нашай маленькай спрэчцы ён адчувае сябе разумнейшым. З гэтаю ўхмылкай ён далівае ў фужэры піва – спачатку ў мой, а пасля ў свой – і прысоўваецца да мяне бліжэй.

  – Я табе скажу з уласнага вопыту. На вайне – там быў парадак, дзе салдаты баяліся камандзіра болей, чым немца, – шматзначна паведамляе ён і далонню рубам б’е па стале. – У такога камандзіра ўсё: і задача выканана і грудзі ў ордэнах.

  – А людзі?

  – Што людзі?

  – А людзі ў магілах?..

  Гарбацюк недаўменна моргае вачыма і ёрзае ў крэсле. Відаць па ўсім, маё пытанне застала яго знянацку. Дзе ў такога камандзіра людзі, аб тым ён не думаў.

  – Ну, ведаеш... На вайне з гэтым не лічацца.

  Ну і ну! Я зусім перастаю яго разумець. Гэты танкіст пачынае мяне здзіўляць. Я даўно не чуў такіх выказванняў. Проста дзіка чуць такое ад франтавіка ў наш час.

  Гарбацюк залпам выпівае піва і нахіляецца да мяне.

  – Слухай сюды! Вось ты кажаш: людзі, людзі. Памятаю такі выпадак. Пад Віцебскам судзілі аднаго. Малады такі. Ванька-ўзводны. Скараспечаны лейтэнанцік. Вёў батарэю. Адступалі. Наперадзе рачулка. Трэба знайсці брод. Яму б, дурню, паслаць каго. А ён пашкадаваў: той паранены, той хворы, той стары, а той плаваць не ўмее. Ну і пайшоў сам з ардынарцам. Брод знайшоў, перабраўся на другі бок. А там немцы. Ну і сцапалі. Раненага. А ў яго карта. I маршрут. А ў батарэі ніводнага камандзіра. Так і накрылася батарэйка. Лейтэнант, праўда, вырваўся з палону, праз тыдзень прыходзіць. Тут, вядома, і спёкся. А як жа? Пашкадаваў людзей...

  – Проста ён дурань, гэты лейтэнант.

  – Вось іменна дурань, – дабрадушна згаджаецца Гарбацюк. – А то вось другі прыклад. Судзілі камандзіра танка. Выскачыў з экіпажам раней, чым падбілі. Ударыла балванка, ну ён і крыкнуў: «Пакінуць машыну!» На судзе кажа: хлопцаў пашкадаваў. Ці бачыш, быў упэўнены, што другім стрэлам яго падпаляць. «Тыгр» страляў. Падпаліў сапраўды. А лейтэнант з танка ў штурмбат загрымеў.

  Гарбацюк соладка зацягваецца сігарэтай. Нечаканая здагадка прымушае мяне здрыгануцца:

  – А вы не пракурорам былі?

  Ён чамусьці азіраецца і прыжмурвае ў дыме адно вока.