Мертвым не балиць, частка 2

  Пераседзеўшы з паўхвіліны, я зноў асцярожна высоўваюся з варонкі. Няцяжка здагадацца, каторы з танкаў стрэліў па мне балванкай. Вунь ён непадалёк ад таго, што дагарае ззаду. Мне добра відаць чорнае зрэнка яго гарматы. Яна скіравана сюды. Значыць, стрэліць яшчэ. Хоць бы не асколачным. Але што рабіць? Я прыцэльваюся ў гэтую зрэнку, думаецца, мо дастану каго праз гармату. Можа ж так здарыцца, калі перазараджаюць і адкрыты затвор. Гэта, вядома, малаверагодна, але іншай магчымасці ў мяне няма. Я вельмі старанна цэлюся, цяпер я не магу прамахнуцца. Аднак яшчэ не паспяваю націснуць на спуск, як ззаду, цяжка дыхаючы, нехта валіцца ў варонку. Стрэл адбываецца заўчасны, і я адчуваю – не пацэліў.

  Я падбіраю ногі і азіраюся. У варонцы малады баец з замурзаным зямлёю тварам і ў касцы, якая спаўзла яму на самыя вочы. Адзін рукаў ягонага шыняля прадраны і ў крыві. Я думаю, хлопец папросіць перавязаць.

  – Фу, дабег! – задышліва кажа ён, зыркаючы вачыма па маіх пагонах. – Я во, каб чым-небудзь звязаць...

  З-за пазухі на палу шыняля ён выкладвае некалькі гранат. Гэта «лімонкі». Я гляджу на іх і не цямлю: навошта іх звязваць? Звычайна звязваюць РГД, калі кідаюць пад танкі. А «лімонкі»? Усяго тры, ды і тыя немаведама як змацаваць разам.

  – Я б сам, ды во! – варушыць ён акрываўленай без рукавіцы левай рукой. – Адной не ўпраўлюся.

  – А кінеш? – недаверліва пытаюся я. Хлопец узнімае на мяне свае ўпартыя вочы.

  – Кіну. Правая ж – во! Хай падыдуць.

  – Сапраўды, можа, і варта паспрабаваць. Толькі чым іх звязаць у адно?

  – А во, можа, абмоткай? – падказвае хлопец.

  – Давай.

  Мы хутка раскручваем з ягонай нагі зялёную скарэлую абмотку. Адклаўшы карабін, я неяк завязваю ў яе тры гранаты. Гранаты чорныя з зялёнымі ўзрывальнікамі. На планцы ў адной вышкрабана нечым вострым: «Коваль М.».

  Побач зноў гахае, на галовы сышіецца снег. Я пазіраю на ланцуг – мабыць, хутка тут нікога ўжо і не застанецца. Вось тады яны, вядома, і пойдуць. А так навошта ім рызыкаваць?

  – А вы, мусіць, снайпер? – кажа хлопец. Я азіраюся, і ён ківае галавой на танкі, – Лоўка яго! Бранябойным, ага?

  – Гэта не я.

  – Ды ну! Я ж бачыў, – з нярвовай упартасцю пярэчыць Коваль, скурчыўшыся на дне ямы.

  Ён малады і нейкі дужа заядлы ў наіўнасці свайго намеру. Мяне гэта пачынае раздражняць.

  – Ты вось што, – з прыкрасцю кідаю я. – Шпар лепш у тыл. Паранены... Няма чаго тут ацірацца.

  Хлопец незадаволена зыркае на мяне чыстымі, але злымі вачыма.

  – Не. Я падарву хоць аднаго гада.

  – Падарвеш! Вось зараз як усмаліць – дык сам спярша падарвешся!

  – Ды ну!

  Баец недаверліва выглядае з варонкі. Здаецца, ён сапраўды наважыўся сваімі «лімонкамі» падарваць танк.

  Так, яны смаляць. Яны ўвачавідкі выбіваюць наш ланцуг. Б’юць балванкамі і асколачнымі. Для кожнага – персанальны снарад. Ці не замнога гонару! Мусіць, снарадаў у іх многа, вось яны і помсцяць за спалены танк. Капітана даўно няма, а танк, ім падпалены, усё гарыць.