Мертвым не балиць, частка 2

– Старшынёй трыбунала.

  Мне здаецца, што я недачуў.

  – Чаго?

  – Ваеннага трыбунала, – выразна паўтарае Гарбацюк.

  Я не ведаю, што казаць далей, і паціху пераводжу позірк на стол. Цяпер усё зразумела.

  Гарбацюк, відаць, прыкмячае маю кароткую збянтэжанасць і адчужана хмурыць бровы.

  – А што гэта вы... здзіўляецеся?

  – Ды так...

  Пальцамі я кручу на абрусе фужэр, няўцямна пазіраючы, як слізгаюць на ягоным баку іскрыстыя адлюстраванні бра.

  Гарбацюк засцярожліва азіраецца на маладзёжны стол і ўздыхае.

  – Ты, мабыць, думаеш: трыбунал – гэта парушэнне законнасці? Цяпер так модна лічыць. Модна рэабіліціраваць. Модна валіць усё на суддзяў. I ніхто не задумаецца: у імя чаго яны ўсё тое рабілі? Стараліся, выконвалі, недасыпалі, недаядалі, ездзілі на перадавыя, траплялі пад бамбёжку. У імя чаго?

  Аднак яго фалынывы запал мяне не кранае. Маімі пачуццямі да гэтага чалавека ўсё болей авалодвае злая іронія.

  – Можа, у імя перамогі?

  – А як жа? Што, ты думаеш, у ёй няма і нашае пайкі?

  – I вялікая гэта пайка?

  – А то малая?

  Уся нядаўняя да яго прыхільнасць у мяне міжвольна знікае. Я не ведаю, які ён чалавек і які быў старшыня трыбунала. Але па чымсьці няўлоўным у ягоных паводзінах я адчуваю, што гэтая яго гарачнасць у адносінах да свайго мінулага – не так сабе. Ён чымсьці пакрыўджаны, з нечым нязгодны і – ужо гатовы спрачацца, адстойваць сваю незразумелую мне праўду.

  Але я з ім спрачацца не буду.

  Я не хачу з ім спрачацца, бо я адмаўляю яму ў гэтай ягонай праўдзе. Не можа быць ягонай праўды там, дзе ёсць яго віна. У маіх пачуццях і памяці дагэтуль жыве нямала несправядліва труднага з тых далёкіх часоў. Не забылася, як пайшлі з палка і не вярнуліся хлопцы за здачу пазіцый, якіх нельга было ўтрымаць, за невыкананне невыканальных загадаў, за сутычкі з начальствам і за недазволеныя размовы таксама. Я прыпамінаю ўрэшце старшага лейтэнанта Кротава, які, на шчасце ці на бяду, не дайшоў да рук такога вось старшыні. I за што? Я дык выдатна ведаю, што нізавошта, але гэта зусім не азначае, што Кротаў вярнуўся б у батальён. Але няўжо цяпер, праз шмат гадоў пасля вайны, калі столькі перавярнулася ў грамадскім жыцці краіны, няўжо нічога не змянілася ў свядомасці гэтых людзей?

  Я хачу запытаць яго аб тым, але Гарбацюк апярэджвае мяне:

  – А я і не думаю таіць, хто я і што я, – прыкметна адчужэўшы за хвіліну маўчання, кажа ён. – Я паступаў паводле закону. Калі што, можна падняць архівы. Там усё наліцо. Аформлена і зацверджана. Я грахоў за сабой не лічу. Можна запытаць саслужыўцаў, начальства. Бывала, прыеду ў полк – пачот і павага. Камандзір палка першы чэсць аддае. Хоць я і капітан, а ён падпалкоўнік. Вось як!

  Я маўчу. Ён, адчуваю, аднак, хвалюецца, то ёрзае на стуле, то адкідваецца да спінкі. На ягоным мясістым твары – выраз крыўдлівай замкнёнасці.