Мертвым не балиць, частка 2

  Я адварочваюся ад сустрэчнага ветру, глыбей у каўнер уцягваю настылую, у бінтах галаву. Але ў такім стане замінае за спіной карабін. Я знімаю яго і з тугою ў душы ўзіраюся ў далёкія адзнакі бою, што бліскаюць у начным мроіве. Толькі мы ўсё ж аддаляемся ад таго злапамятнага сяла. Магутна равучы на пад’ёме, танкі мінаюць стэпавую балку, праскокваюць клін палеглага, няўбранага ўвосень сланечніку. Іскры-трасёры ўдалечыні паступова знікаюць, толькі часам рэдкая чарга невысока ўзлятае над краявідам і гасне. Навокал жа спакойна, і ўсё было б добра, калі б не Юрка. Ён непрытомны. Я шчыльней захутваю на ім паўшубак. Цела яго выдае тут доўгім і няўклюдным, боты ледзьве не дастаюць да выхлапных труб. У гойданцы толькі і чакай, можа спаўзці ў снег. Хоць бы жывым давезці яго да якога санбата. Хоць бы паспець... Наш танк даганяе заднія ў калоне машыны, гойданне і штуршкі робяцца меншыя. Нечакана да мяне нагінаецца і гамоніць Сахно.

  – Што?

  – Кажу, прыедзем, пойдзеце са мной! – гучней крычыць ён проста ў твар.

  – Куды?

  – Няважна. Куды загадаю.

  Ну вось табе і радасць! Не паспелі вырвацца з аднаго ліха, як наперадзе з’яўляецца новае. I, дзіўная справа, гэтыя скупыя словы Сахно ўражваюць тут куды больш, чым усе ягоныя пагрозы там, пад носам у немцаў. Тут ён – сіла, а я – слабак, тут ужо не пашлеш яго куды не трэба – мусіш падпарадкавацца.

  Апанураны, я сяджу, прыхіліўшыся плячом да шархоткага боку вежы, і пазіраю ў хмыззё сланечніку, што зноў абступае дарогу. Напружанне мае волі спадае, я зусім абнядужаў за гэтыя суткі. Здаецца нават, што я адчуваю, як тоненька і балюча трымцяць, прагнучы якой-ніякой перадышкі, мае растузаныя нервы.

  Ногі, аднак, угрэліся, і ў параненай ступні нібы мітусяцца мурашкі – зайшлася ці адыходзіць, не зразумееш. Затое мерзне рука на вежы. Я хачу пагрэць яе, і толькі расшпільваю кручкі шыняля, каб сунуць за пазуху, як грымотны перуновы выбух расколвае свет. Танк усхопліваецца на дыбкі і на момант нібы завісае ў паветры. Нейкая шалёная сіла адрывае мяне ад брані і шпурляе ў снегавое прадонне.

  У першую секунду я не разумею, што здарылася, і, толькі адчуўшы пад сабой дол, няпэўна здагадваюся: міна?! Затым, выплюнуўшы з рота парушысты пякоткі снег, ускокваю сярод бадылёў на калені і зноў падаю. На дарозе, збоч ад яе і яшчэ недзе наперадзе начное сутонне рвуць агняна-чырвоныя выбухі.

  – Гр-р-р-р-рах! Гр-рах! Грах-х-х-х...

  Не, гэта не міна... Але тады што? Адкуль? У гарачцы я ніяк не магу ўцяміць. Я толькі адчуваю: мы папаліся! У тое ж імгненне мяне пранізвае спалох за Юрку. Спатыкаючыся аб гузакі, я кідаюся да танка. Ён стаіць наўскасяк дарогі. На вежы вёртка мільгае нечая постаць – хтось нібы выскоквае праз люк. I раптам сярод секунднае вусцішнасці да майго слыху даносіцца цяжкі, густа замешаны ў небе гул.

  Бамбёжка...

  Гэта жахліва! Такая светлая ноч. У стэпе хоць ты збірай іголкі, а тут, на дарозе, танкі. Ну ведама ж, чаго было чакаць? На што спадзявацца? Усё вельмі звычайна, інакш і не магло здарыцца...

  Працяты трывогаю, я дабягаю да танка. Абсыпаны снегам, ён, аднак, цэлы. Зверху на ранейшым месцы раскінутыя ногі Юркі. «Нежывы!» – б’е ў голаў спалох. Я кідаюся да борта, каб узлезці наверх, і ледзьве не падаю, спатыкнуўшыся аб немца. Той курчыцца ў доле, прыціснуўшыся да апорных каткоў, абхапіўшы голаў рукамі. Нібы на мерцвяка, я прыступаю на яго спіну і ўзвальваюся грудзьмі на танк.