Мертвым не балиць, частка 2

  Зноў зверху абвальны грукат і віск. Але ў зорнай чарнаце не відаць нічога. Тады я зжахаюся, што не паспею, і недарэчна крычу немцу:

  – Фрыц! Фрыц!..

  Ён, відаць, разумее і зараз жа ўскідваецца да танка. Я хапаю за плечы Юрку. Немец, выцягшы знізу доўгія рукі, прымае на іх Юркава цела. Абодва яны зараз жа падаюць на снег. Ззаду, спераду і навокал расколваюць зямлю магутныя бомбавыя выбухі. Я не спраўляюся скульнуцца з танка, як самы бліжэйшы з іх праглынае мяне ў яркую, на паўнеба агняную прорву, і я з болем апынаюся дзесьці ў снезе. Аднак я цэлы. Я гэта адчуваю і зараз жа ўскокваю на чацвярэнькі. Толькі чамусьці я нічога не бачу – ні танка, ні Юркі. У вачах чырвонае ззянне, і ў ім чорны рой матылёў. На хвіліну я зусім бянтэжуся, не разумеючы, што са мной і дзе я?

  Рукамі ў роспачы заграбаю снег, хапаюся за мёрзлы бадыль, кудысь паўзу. У рукавах да локцяў снег. Снег за каўняром, у вушах. А ў вачах – палыхае агняны змрок.

  Новыя выбухі зноў кладуць мяне ніц. Пластам снегу завальвае спіну, галаву, ногі. Але я жывы і зноў ускокваю на калені. Нічога не бачачы, я ашалела кручуся на снезе, не разумеючы, куды падацца. I раптам непадалёк з цемры праразаецца штосьці яркае, нейкі агонь... Ага: гэта гарыць танк. Не, не наш, далей на дарозе. Спакваля зямля ў маіх вачах аддзяляецца ад неба. Змрок хутка радзее, я бачу закіданы зямлёй снег, чорнае неба і знаёмы сілуэт нашага танка. З раптоўнай палёгкай кідаюся да дзвюх недалёкіх постацей – немца і распластанага на дарозе Юркі.

  Юрка ляжыць на баку. Я перш захінаю ягоныя полы і рыўком падсоўваю яго ацяжалелае цела бліжэй да гусеніцы. Пасля, прыпаўшы да яго, перажываю новую пакутна бясконцую серыю выбухаў. Яны цягнуцца вечнасць. Я чакаю, зацяўшы ў сабе ўсе эмоцыі – і страх і надзею, – намогшыся толькі на адно – стрываць. Выбухі, нават не верыцца, урэшце сціхаюць. Задыхаючыся ад трацілавай горычы, я некалькі секунд прагна хапаю ротам паветра і чакаю новага віску. Але яго нешта няма. Паўза зацішку ўсё большае, вісклівы звон у вушах мацнее. Невядома, ці гэта – цішыня, ці мо я аглох... Але вось наперадзе даносяцца невыразныя галасы, лаянка – здаецца, нешта крычаць ці, можа, камандуюць. Танк побач, нібы жывая істота, здрыгаецца ад матора. Няўжо ехаць?

  Я нешта ўскрыкваю. Немец вёртка ўскоквае на танк. З усяе сілы напружыўшыся, я паднімаю Юрку. Немец з натугай узвалаквае яго за каўнер на браню.

  I тут танк, люта зароўшы маторам, зрываецца з месца.

  Крыўда і злосць, звіўшыся ў клубок, аднак, надаюць мне сілы. Танк мінае мяне, але я ў апошняе імгненне кідаюся ззаду ў гарачыя струмені яго выхлапаў. Лацвей пад рукі трапляе пятля троса. Я хапаюся за яе. Толькі яна нечакана падатна цягнецца, я грузна спаўзаю з брані і нейкі час роспачна валакуся ў дымнае гарачцы выхлапаў. Я хачу крыкнуць, ды ў грымоцці дызеля не чую свайго голасу. I раптам угары – сагнутая постаць немца. Ён нагінаецца і падхоплівае мяне пад паху. З яго дапамогай я ўзграбаюся на танк і знясілена распластваюся на жалюзях.

  Немец моўчкі сігае да вежы, і я не дзякую яму. Мне, як ніколі за сённяшні дзень, хочацца крычаць, выць, лаяцца: што ж гэта робіцца? Але я маўчу. Побач ляжыць Юрка. Ягоная галава, матляючыся, б’ецца аб рог зацярушанай снегам скрынкі. Я адчуваю, як мной авалодвае абыякавасць. Да ўсяго. I так спакусліва ёй паддацца. Сахно, здаецца, ужо тут няма, мусіць, дастукаўся. Чорт з ім: у мяне ні радасці ад таго, ні смутку. Мне ўсе роўныя, нават немец. Толькі не Юрка. Крышачку аддыхаўшыся на брані, я з асаблівай вастрынёй адчуваю, што Юрка – мой вечны боль і мой непазбыўны клопат. Радней за яго ў мяне на свеце нікога няма. Устаўшы на калені, я падсоўваю сябра да вежы і тады ў нейкай незвычайна абвостранай да яго чуйнасці здагадваюся: ён стогне. Значыць, яшчэ жывы.