Мертвым не балиць, частка 2

  Гэта кранае мяне да слёз, акрыляе, як шчасце. Занадта вялікаю душэўнай цаной аплочана яго жыццё, каб цяпер пагадзіцца на яго пагібель. Я нахіляюся над Юркам, павекі яго ўздрыгваюць і шэры, васковы твар ажывае.

  – Юрка!.. Юрачка!.. Юр!.. – крычу я, не ведаючы, што сказаць, чым суцешыць яго. Але я бачу, ён пазнае мяне. Толькі ён не ўсміхаецца, як раней, а скошвае позірк убок і секунд пяць, нібы напружана згадваючы штось, глядзіць угору на месяц. Відаць, ён толькі што апрытомнеў і яшчэ дужа знямоглы. Вусны яго, аднак, слаба варушацца, я нізка нахіляюся вухам, – здаецца, ён штосьці пытаецца.

  – Усё добра! Усё добра, Юра! Хутка прыедзем!

  – ...куды?

  – Куды едзем? У шпіталь, Юра! У Знаменку! Там армейскі шпіталь, ты ж ведаеш! – апантана хлушу я. Вядома ж, ён цяпер слабы, як дзіця, і я хачу аберагчы яго ад труднае нашай праўды. Хай ён не ведае яе і не трывожыцца. Так будзе лепш.

  Нас рэзка кідае ўбок, я хапаюся за вежу. Побач палае разварочаны бомбаю танк. Груда агнянага жалеза заняла ўсю дарогу; крутымі рыўкамі мы аб’язджаем яе. А там гарыць снег, гарыць гума каткоў, гарыць браня. У каляінах перакруціліся гусеніцы, за канавай ляжыць сарваная выбухам вежа. У паветры гар, дым, смурод. Навокал дарогі густыя вывараціны мёрзлай зямлі і скрозь – глыбачэзныя прорвы варонак. Я з асцярогай пазіраю ў неба, ці не ўдараць яшчэ? Няўжо яны адчапіліся ад нас?

  На вежы лязгае люк. Мусіць, каб лепш бачыць дарогу, адтуль вылазіць чорная постаць у шлеме. Чалавек азіраецца на вогнішча і дужым голасам крычыць нам:

  – Ну што? Цэлыя?

  – Цэлыя, – адказваю я, хоць ён ці чуе мяне.

  – Ну-ну! Трымайцеся! Гэта вам не пяхота-матухна. Танкі!

  Пайшоў ты са сваімі танкамі, думаю я. Лацно табе ў гэтай сталёвай скрынцы... А вось як нам? Але я не паспяваю што-небудзь адказаць, як на вежы варушыцца другі люк і з яго невысока вытыркаецца ссунутая на бок кубанка. Сахно?..

  Так, Сахно. А я ўжо думаў, што ён прапаў. Але, ён не прападзе! Ён адразу акідвае нас маўклівым позіркам, нібы лічыць, і, відаць, задаволены тым, што ўсе на месцы, адварочваецца, каб глядзець наперад.

  Толькі доўга глядзець гэтым двум з люкаў не выпадае. Я, мабыць, першы заўважаю, як у зорным небе нібы штосыді мільгае, ці, можа, мне толькі здаецца так. Але зараз жа абапал дарогі ў снезе зноў вырастаюць некалькі высозных выбухаў. Праўда, у гэты раз яны быццам слабейшыя, чым раней. Можа, таму, што рвуць далей? Я дзёўбаюся галавой аб браню. Побач разгоніста лязгаюць люкі. Танк прыбаўляе газу.

  Як мага ніжэй мы ціснемся да брані. Танк шалёна імчыць, і мы ледзьве ўтрымліваемся наверсе. А наўкола пачынаецца пекла. Зямля перамешваецца з небам, гаснуць усе да адной зоры. Над дарогай, густа начыненая асколкамі, бушуе снежна-земляная віхура. Я пластам ляжу на брані, цесна падбіўшыся пад выступ вежы, і аберуч трымаюся за Юрку. Я ўжо разумею, што яны не адвяжуцца. Мусіць, яны даканаюць нас. Але будзь што будзе, абы толькі не скінула з танка! Хай б’е разам – чорт з ім! Калі суджана гінуць ад адной бомбы – не страшна. Не такое яно, наша жыццё, каб за яго столькі пакутаваць. Гінуць і не такія!.. Так думаю я, бадай што ў роспачы. I ўсё ж пакутна і страшна чакаць таго моманту, калі ў тваё цела лясне зазублены сталёвы чаранок, здольны перабіць рэйку.