Мертвым не балиць, частка 2

  У паветры суцэльны перуновы гром. Выбухі, грукат танкаў, бомбавы віск, скогат асколкаў. Добра яшчэ, што нас з аднаго боку прыкрывае вежа і наша машына апошняя. Дастаецца болей пярэднім. Але перападае і нам. Асабліва з бакоў. На Юрку ляцяць буйныя трэскі ад бервяна. На вежы з таго боку, дзе немец, ярка пыхае, нібы электразамыканне. Бліскае другі раз ужо зусім побач – ля майго пляча... З незвычайнай, амаль фізічнай выразнасцю я адчуваю жахлівую мяккасць майго цела. Як проста яго пранізаць, прабіць, расшкуматаць. Раз за разам асколкі высякаюць з брані пякоткія іскры, пырскаюць на нас акалінай. Але танк, малайчына, не спыняецца. Ён імчыць па дарозе, часам збочваючы. У адным месцы абмінае нерухомую, мусіць, падбітую машыну з адкінутымі люкамі і вялікай дваццаткай на вежы і рэзка тармозіць. Некалькі чалавек чапляюцца за барты, за трос і ўвальваюцца да нас. Я баюся, што затопчуць Юрку, яны і сапраўды не дужа асцерагаюцца. Адзін з іх паранены і сціскае пальцамі акрываўлены бок. Другі, што ў расшпіленай ватоўцы, лаецца і, узлезшы, адразу запускае аўтаматную чаргу ў неба.

  – Агонь! Усім агонь! Чаго сагнуліся? Агонь! – крычыць ён на нас з немцам.

  Танк кідаецца з боку на бок, я адною рукой зноў хапаюся за скабу на вежы, а немец разам з усімі пачынае гахаць у неба. Я не адразу цямлю, што ў яго – мой карабін, я толькі слаба дзіўлюся: па сваіх? Але неўзабаве разумею, што тут ужо не да меркаванняў маралі, палітыкі – тут бой, і трэба абараніць сваё жыццё.

  Яны то бязладна, то залпамі б’юць па-над дарогай, і, мабыць, нікому не ў знак, што крайні ля іх – немец. I я маўчу пра тое – хай страляе. Цяпер я не баюся, што ў яго зброя. Я амаль упэўнены: нам ён благога не зробіць.

  Я страчваю адчуванне часу і не ведаю, колькі прадаўжаецца бамбёжка.

  I ўсё ж у нейкую хвіліну самалёты ад нас урэшце адвязваюцца. Робіцца нібы аж ціха, і ў гэтай цішы – скрыгочуць гусеніцы і выюць маторы танкаў. Мусіць, хутка зоймецца ранне, неба робіцца асабліва чорным. (Праклятае начное неба, ад якога мы столькі стрывалі сёння!)

  Пад ранак дзевяць танкаў уязджаюць у нейкае вялікае, па-начному пустое сяло.

  Я думаю, што мы яго хутка праскочым і дзе-небудзь нарэшце далучымся да перадавых часцей. Але танкі чамусьці збочваюць да плятнёў і па адным спыняюцца.

  Сонная глухая цішыня б’е ў вушы. Абнадзейвае і азадачвае. Што далей?

  

  

  Нас ссаджваюць з танкаў і зводзяць у адно месца на вуліцы. Набіраецца чалавек з дзесяць – здаровых, што ўначы прыбіліся сюды з іншых часцей, і параненых. У тым ліку трое цяжкіх – Юрка, адзін аўтаматчык з прастрэленым жыватом і ўсё той жа лётчык. Дзіва, які ён жывучы – мабыць, перажыве ўсіх! На шчасце, з намі зноў Каця. Грубавата прыкрыкваючы, яна адразу распараджаецца перанесці ляжачых у хату.

  Астатнім загадана чакаць, і мы моўчкі стаім пад глухой, пакрэмзанай вугалем сцяной мазанкі, пакуль ад першых у калоне танкаў хуткім крокам да нас не падыходзіць знаёмы падпалкоўнік. З ім поплеч Сахно. Пусты рукаў капітанскага паўшубка лёгка целяпаецца ля боку.

  – Ну як, арлы? Далі жару? – жвава пытаецца падпалкоўнік і сам сабе адказвае: – Далі, сволачы! Лепшыя экіпажы ўгробілі. Значыць, так: далей пойдзеце самі. Мы павяртаем контратакаваць. А вы да Лялекаўкі. Восем кіламетраў. Ясна?