Мертвым не балиць, частка 2

  Мы ўсе маўчым. Восем кіламетраў – не многа, але пры той умове, калі здаровыя ногі. А калі прастрэленыя? Ды яшчэ трое цяжка параненых? Як іх дацягнеш? Толькі пра што пытацца – і так дзякуй гэтаму чалавеку за яго добрасць. Не пакінуў, як іншыя – выхапіў амаль з-пад агню. Цяпер у яго свой клопат.

  – Ну, ясна не ясна – нічога не папішаш! З сабой я вас не вазьму. Самі разумееце. Тут заставацца не раю. Раніцай яны зноў удараць. – Падпалкоўнік махае рукой па дарозе. – Дык так: старшы вось гэты капітан, – ківае ён на Сахно. Той моўчкі пераступае на снезе. – Ён павядзе.

  «Здорава!» – думаю я. Усё жыццё марыў мець такога старшага. Лёс ці д’ябал нібы насміхаецца з мяне. Але чорт з ім. Хай вядзе. Камандзіраў, на жаль, не выбіраюць. Паглядзім, як прывядзе. Падпалкоўнік паварочваецца і рухава крочыць да пярэдніх машын, якія ўжо заводзяць маторы. Зараз жа па адной яны пачынаюць зрывацца з месца, і неўзабаве мы застаемся адны. Месяца ўжо няма, угары гаснуць зоркі, цьмее няроўная паласа Млечнага Шляху. Здаецца, пачынае світаць. Нязвыкла ціха і пустэльна робіцца на вуліцы гэтага маўклівага сяла, у хацінах якога дзе-нідзе ўжо слепа асвечваюцца вокны.

  Калі танкавы грукат на вуліцы глохне, да нашай прымоўклай кучкі падступае Сахно.

  – Так... Усе тут? Раз, два, тры, чатыры, пяць...

  – Трое цяжолых у хаце, – кажа нехта з параненых. Сахно адразу пакідае лічыць.

  – Чаго гэта ў хаце? Ану, усіх сюды!

  Некалькі чалавек здаравейшых, рыпучы снегам, ідуць цераз вуліцу ў хату і неўзабаве вывалакваюць адтуль двух. У адным я яшчэ з вуліцы пазнаю Юрку. Яго нясе немец і танкіст у ватоўцы – камлюкаваты, плячысты хлопец, відаць, адзін з нямногіх, каму ноччу пашэнціла, страціўшы танк, застацца ў жывых. Лётчыка нясуць двое разведчыкаў у белых падраных маскхалатах, якіх падпалкоўнік далучыў да нашае групы. Ззаду іх ідзе Каця. Сахно нецярпліва ступае насустрач.

  – Та-ак... А дзе трэці?

  – Там, – кідае на хату Каця. – Не варта чапаць.

  – Гэта чаму?

  – Чаму, чаму... Безнадзейны. Даходзіць. Сахно хвіліну маўчыць, відаць, нешта рашае, а пасля азіраецца і ківае на мяне:

  – Ану, давайце па трэцяга!

  – Я не магу.

  – А калі цераз «не магу»? Я загадваю.

  – Што яго браць? – агрызаецца Каця. – Памірае чалавек. Што яго мучыць?

  – Не ваша справа. Бярыце параненага! – ледзяным тонам загадвае Сахно, стоячы ў насунутай на лоб кубанцы і задзірыста выставіўшы наперад квадратны свой падбародак.

  Каця ўпаўголаса кідае да яго нешта абразлівае і вяртаецца ў падворак. За ёю кульгікаю я.

  Паранены, увесь мокры ад поту, нерухома ляжыць на ложку. Над яго галавой гарыць газнічка. Ля парога з гаротным, мокрым ад слёз тварам хутаецца ў кажушок напалоханая жанчына.

  – Ой, дзетачкі! Ой, лышанько! Куды ж вы ёго? Він жа такі слабы...

  – Ану, пастараніся, цётка, – безуважна да яе гаманы кажа Каця і прыўзнімае небараку– Дайце якое радно.