Мертвым не балиць, частка 2

  Пакапаўшыся ў рыззі, гаспадыня рассцілае на падлозе нейкую пасцілку, і мы перакладаем на яе параненага. Але ён распрануты, увесь у бінтах і без шыняля, як яго несці?

  – Цэ ж він замэрзне, загубіцца!.. Ой, у ёго ж матуся е дзесьці, – ледзьве не галосіць жанчына і скідае з сябе кажушок. – Натэ, ухутайце, усё тэплішэ будэ.

  Цётка пачынае свяціць над галовамі газнічкаю, Каця хутае аўтаматчыка ў паўшубак і незнарок наступае на маю нязграбную аббінтаваную нагу. Я ледзьве не падаю ад болю.

  – Яшчэ не адмарозіў? Ну, дык адмарозіш! – зацята абяцае Каця. – I гангрэна яшчэ насядзе. Чакай! – I раптам са злоснаю нястрыманасцю гукае: – Ану, рвані! Годзе корчыцца.

  Наступіўшы нагой на рукаў кажушка, яна спрабуе яго адарваць, але не можа і кідае ў мае рукі. Я рву мацней, яна прытрымлівае, і рукаў урэшце з трэскам адрываецца.

  – Ой, што ж вы робытэ? Што вы ірвэтэ маю адзежыну! Каб вам рукі адірвала, ногі папераламала! – раптам сварліва прыгаворвае жанчына.

  Каця строга прыкрыквае на яе:

  – Замаўчыце! Вам не ўсё роўна? Таго шкада, а таго не.

  – Нялюдска ты людына! Лайдачка. Моя світка, што вы наробылы!

  Чорт, звязаліся яшчэ з гэтай кабетаю! Раскрычалася, быццам яе хто падмяніў... Мне няёмка і хочацца кінуць ёй і рукаў і кажушок, абы адчапілася. Але Каця, не зважаючы на сварку, загадвае:

  – Во і нацягвай. Цёпла і мякка будзе. На марозе дзякуй скажаш.

  Я маўчу, зацяўшы ў душы няёмкасць, і моўчкі дзякую гэтай агонь-дзяўчыне. Акалелай назе ў рукаве сапраўды робіцца ўгрэўна і мякка, трохі, праўда, нязграбна, але не бяда. Галоўнае цёпла. Да болю я ўжо прытрываўся.

  Мы выносім чалавека на вуліцу, дзе нас чакаюць, і Сахно нецярпліва падыходзіць да Каці.

  – Усе?

  – Усе.

  Капітан яшчэ раз акідвае байцоў працяглым маўклівым позіркам (напэўна, лічыць) і, нічога не сказаўшы, ідзе ўсё ў тую ж хаціну. Калі крокі яго сціхаюць, Каця апускае параненага на снег.

  - Гад!

  Я не пытаюся – я ўжо ведаю, пра каго яна гэта. I я маўчу, бо сам гэткай жа думкі аб нашым начальніку. Цяпер – я ведаю – ён пайшоў правяраць, ці не застаўся там хто. Нам ён не верыць. Ну і якраз дарэчы, там расплачацца тая кабета, будзе скандал. I сапраўды, неўзабаве вярнуўшыся, Сахно строга аб’яўляе:

  – Вось што! Без майго дазволу ў хаты не заходзіць! Кожны адказвае за сябе і за суседа таксама. Параненых не пакідаць. Што б там ні пагражала. Насельніцтву залішне не давяраць.

  – Ды ўжо ж?! – упаўголаса сумняваецца нехта ззаду.

  Сахно, аднак, пакідае рэпліку без адказу.

  – Калі ў выпадку прыпячэ, жывымі не здавацца. Ясна? Зброя ёсць? У каго няма – я памагу. Слабанервовым таксама. Пытанні будуць?

  – Ясна. Не на лекцыі. Хутчэй трэба, – кажа танкіст.

  – Гэта не лекцыя! – змрочна аб’яўляе Сахно. – Гэта загад. I я патрабую яго выканання.