Мертвым не балиць, частка 2

  – Ну, дык узялі! – Ігар паднімае бакал і, заўважыўшы маю нерашучасць, тлумачыць: – Ёсць маленькі повад: мы з Эрнай жэнімся.

  – Вось які Ну, віншую!

  – Дзякуй! – Ён левай рукой лагодна прыгортвае да сябе нявесту. – У гадавіну Перамогі. Так сказаць, па сямейнай традыцыі. Як дзеці ваенных бацькоў. У Эрны – генерал-лейтэнант. У мяне – проста лейтэнант. Невялічкая розніца.

  – Амаль ніякай, – устаўляе Эрна і нецярпліва прыгубляе бакал.

  Я па справядлівасці ацэньваю дасціпнасць яе іроніі. Трапяткі, рухавы, нібы жывое срэбра, твар гэтай дзяўчыны тоіць столькі стрыманай гуллівасці, што аж не верыцца ў сур’ёзнасць іхняга намеру.

  – А дзе ж... вашы бацькі-лейтэнанты? Ці вы без іх?

  – На жаль, без іх, – коратка ўздыхае Ігар і, разліўшы ў бакалы рэшткі віна, сядае. – Лейтэнанты далёка. Яе пад Харкавам, мой у Дзямянску. На вечнай прапісцы.

  У першы момант я не знаходжу, што адказаць. Гэта не весела. Гэта вельмі і вельмі нават журботна. Толькі сваю журбу яны, напэўна, даўно перажылі, і пасля паўхвіліннае паўзы Ігар паднімае бакал.

  – Ну, дык салют!

  – Ну што ж! За ваша шчасце, лейтэнанцкія дзеці! – кажу я.

  Нешта тужліва-светлае шчымлівай добрасцю запаўняе мае пачуцці. На хвіліну я забываюся і на Сахно, і на Гарбацюка, і на ўсе мае сённяшнія турботы.

  Усе за сталом патроху выпіваюць. Ігар адстаўляе бакал і нервова разгортвае цукерку.

  – Толькі той дурань вечар сапсаваў. Усё ішло ладна...

  – Нічога. Гэта яшчэ не самае горшае... Аднак я не спраўляюся даказаць думку, як побач ускокваюць дзяўчаты.

  – Вунь ідуць! Ідуць! Дзевачкі, два міліцыянеры! Адзін, глядзі, які бравы! Сімпацяга!

  Па праходзе да нас сунецца Гарбацюк. За ім, трохі прыадстаўшы, са службовай важнасцю на тварах ідуць два міліцыянеры ў белых кіцелях і чырвоных фуражках. Пярэдні даволі пажылы ўжо, з маршчыністым тварам дзядзька, задні ж – сапраўды сімпатычны хлопец. Гарбацюк спыняецца ля нашага стала і паварочваецца да міліцыянераў.

  – Вось, калі ласка! П’яныя. Нахабства, хуліганства і ўрэшце палітычныя выпады. Вунь той. I гэты ў чорным. Старшына міліцыі афіцыйна-бясстрасным позіркам акідвае ўсіх за сталом, аглядае бутэлькі, даўжэй затрымліваецца на мне.

  – Так. Папрашу названых грамадзян прайсці ўслед за намі.

  За сталом ускоквае Эрна. Устаюць дзяўчаты і хлопцы.

  – А мы?

  – Вы можаце заставацца.

  – Не. Калі забіраць, дык усіх. Я Ігара аднаго не пушчу! – рэзка аб’яўляе Эрна.

  Я таксама ўстаю.

  – Усё ж яны – сведкі. Калі ўжо весці, дык разам.

  Гарбацюк працінае мяне ненавісным позіркам.

  – У сведкі вы не набівайцеся. Вы мне таксама адкажаце. За знявагу.

  – Ах, за знявагу! Ну што ж! Я гатовы! Пайшлі!

  Я першы выходжу з-за стала. За мной іншыя. Малодшы міліцыянер праходзіць наперад. Уздоўж сталоў мы ідзём да дзвярэй. З усіх бакоў да нас павяртаюцца людзі. Аднекуль чуецца: