Мертвым не балиць, частка 2

  – Дастукаліся!

  – Хуліганнё!

  – Туняядцы!

  – Можа, валютчыкі!

  Сцяўшы ў сабе няёмкасць, мы як найхутчэй праходзім каля швейцара, спускаемся па прыступках. Пярэдні міліцыянер услужліва расчыняе нам дзверы, ад якіх спалохана кідаецца жанчына. Дзяўчаты ззаду ціхенька пырскаюць смехам. Ігар, аднак, выдаўлівае на шчоках жаўлакі. Наогул, гэта не смешна.

  Мы выходзім на плошчу.

  Ва мне ўсё кіпіць. Я ведаю, што прычын для сур’ёзных вынікаў ніякіх няма. I я не баюся міліцыі. Але сам факт гэтага прыводу амаль пад канвоем абурае да глыбіні душы. Я бачу помсту. Дробязную, недарэчную, подлую. I я прагну кары. Толькі да кары яшчэ далёка. Яшчэ невядома, як паставяцца да нас у міліцыі. Невядома, хто там. А раптам гэткі ж былы старшыня трыбунала?

  Міліцыянеры праводзяць нас праз службовы ход і спыняюцца ля дзвярэй з таблічкай. Старшына павяртаецца да ўсёй групы.

  – Усім не заходзіць. Толькі вы, вы, вы і вы, – ківае ён мне, Ігару, хлопцу ў чорным і Гарбацюку.

  Эрна хапаецца за Ігараву руку.

  – I я таксама.

  – Прашу астацца.

  – Не астануся. Ён мой муж! – выпальвае яна тонам найвялікшае важнасці.

  – Гэта няважна.

  – Не, важна!

  – Так? Тады прашу! Астатнія свабодны.

  

  

  Мы доўга яшчэ брыдзем прыціхлаю вуліцай, пакуль выходзім з сяла.

  Тым часам настае ранак. Неба канчаткова растварае ў сабе світальную рэдказорную сінь і святлее. Гаснуць дробныя зоркі. З шэрага сутоння выступае пярэстая сельская аколіца. Ля мастка цераз ручаіну стаіць збочаны, з адкрытымі люкамі танк, падбіты ці пакінуты – не зразумееш. Далей, востра смердзючы разлітым па снезе бензінам, валяюцца два перакуленыя матацыклы з каляскамі. Яшчэ далей, на ўзбочыне горбіцца бок конскага трупа з утаптанай у снег грывай. Ля дарогі некалькі чорных аграмадных варонак – значыць, і тут бамбілі. Тут пачынаецца поле, вялікае гэта сяло скончылася. На высокім слупе тырчыць указальнік з чорным гатычным надпісам: «Gruskoe».

  Разам з танкістам і Кацяй я нясу Юрку. Мой сябар ціха гойдаецца на трохкутнай нямецкай палатцы і нават не стогне. Мне чамусьці здаецца, што ён проста стаміўся і спіць. Прынамсі, вельмі хочацца, каб было так. Хай паспіць яшчэ, хай! Бо што я скажу яму, калі ён ачнецца? Чым абнадзею яго, калі сам не ведаю, дзе мы і куды ідзём.

  Дарога за сялом крута загінаецца па схіле ўгору. Наматаўшы на руку парусінавы рог палаткі і вельмі ашчаджаючы параненую нагу, я марудна шкандыбаю ў каляіне. З другога боку валюхае танкіст – чорны, як грак, чубаты хлапчына ў прамазучанай целагрэйцы. На ягонай галаве – камандзірскі, на футравай падкладцы танкавы шлем з шлемафонам, провад якога целяпаецца на плячы. Дарога на пад’ём добра ўпарыла танкіста, хлопцу душна, і ён усё спіхвае шлем на патыліцу. А ў мяне ўжо, мабыць, адмерзла галава. Хочацца папрасіць шлем, ды ці варта: не дасць. Каця прытрымлівае палатку ззаду. Двое разведчыкаў наперадзе валакуць дахадзягу аўтаматчыка. Ззаду за ўсімі, дужа сагнуўшыся, нясе на сабе бездапаможнага лётчыка немец. Гэта яго прымусіў Сахно. Дарэчы, інакш і не панясеш – няма каму. I лётчык, відаць, зразумеўшы нешта, ужо не патрабуе, як раней, забіць немца. Прыціхлы, ён цярпліва сядзіць у таго на спіне, абхапіўшы забінтаванымі рукамі-култышкамі доўгую немцаву шыю. Адзін толькі капітан улегцы крочыць збоку. Але ён таксама паранены, ну і да таго ж – начальства...