Мертвым не балиць, частка 2

  Урэшце невялічкая наша група ўзбіраецца па пагорку на стэпавую разлегласць і спыняецца. Не згаворваючыся, мы разам кладзем параненых на снег і знямогла падаем побач. Сахно трохі марудзіць, але пагаджаецца:

  – Пяць хвілін!

  Мой напарнік-танкіст, шырока расставіўшы ў каляіне свае кірзачы, з лёгкаю зайздрасцю кажа пра яго:

  – Строгі!

  – Дурны, а не строгі, – папраўляе Каця.

  Лежачы на баку, яна клапатліва захінае на Юрку паўшубак. Юрка дробненька дыхае. Танкіст павяртае да яе голаў.

  – Ну, чаму? Не ведаю, як хто, а я люблю строгіх. З імі ў баі лягчэй.

  – Нядоўга ты, мусіць, у баі быў, – кідае Каця. Танкіст зноў збочвае разгарачаны твар. Вочы яго хмурнеюць.

  – Ды ўжо ж, мусіць, болып за цябе. З-пад самага Курска газую.

  Каця іранічна хмыкае:

  – З-пад Курска! Ваяка! Ты б у сорак першым пагазаваў! Або ў сорак другім! Лацно цяпер газаваць...

  – Ты ўжо з сорак першага? – недаверліва азірае танкіст дзяўчыну.

  – А ты што ж думаў? Са жніўня сорак першага. Пабачыла такіх вас. Строгіх і ласкавых.

  – Яно і відаць! – хітравата зазначае танкіст і адным вокам падміргвае мне.

  Я, аднак, не падзяляю ягонай іроніі – Каця для мяне ўжо набыла сваю асаблівую годнасць, якую не можа прынізіць нічога з таго, што ён мае на ўвазе.

  Зрэшты, мне не да размоў. Я ўжо адчуваю, што сілы мае канчаюцца. Баюся не вытрываць. Мокрая ад поту спіна пачынае люта мерзнуць, а ў грудзях па-ранейшаму ўсё гарыць ад знямогі. Зноў жа – нага. У ступні быццам тузае хто за які нерв: нага на снезе сама па сабе прыкметна торгаецца. Болю ў ёй, аднак, я не чую, сцюжы таксама. Яна паступова робіцца мне чужой. Гэта, ведаю, кепска.

  Здаецца, мінае ўжо болей за пяць хвілін. Хлопцы зморана сапуць, разваліўшыся ў доле. Я пазіраю наперад, дзе сядзяць двое разведчыкаў, і думаю: хоць бы ўжо канаў хутчэй той іх аўтаматчык. Можа, гэта подла – жадаць смерці таварыша, але інакш мы тут, пэўна, засядзем. Аднак там, здаецца, штосьці адбываецца. Адзін разведчык нешта капошыцца над бедалагам і неўзабаве гукае Кацю:

  – Эй, сястра. Глянь-ка сюды...

  Каця стомлена ўстае на адну нагу, потым на другую і з заснежанай палою ідзе да разведчыкаў. Да іх жа падыходзіць Сахно. Яны там яшчэ нешта калупаюцца, але і так ужо зразумела: аўтаматчык сканаў. (Варта было цягнуць з сяла.) I я з надзеяй на нейкую палёгку пазіраў туды. Побач, бы прысмак, грызучы грудку снегу, паварочваецца ў каляіне танкіст. Нават апатычнага, знямоглага немца кранае клапотная цікаўнасць, і ён прыўзнімаецца з дарогі. Што ж, можа, так лепей.

  Толькі што гэта час ад часу гудзіць? Нібы дзе недалёка прагазуе і сціхне матор. У сяле ці далей? Можа, аднак, дзе ў стэпе? Я ўглядаюся ў крывізну сельскіх вуліц, але там нічога падазронага не відаць. Праўда, дальні канец сяла хаваецца за паваротам балкі. Ці не падыходзяць ужо туды немцы? Я напружваю слых, толькі гул неўзабаве глухне. А можа, гэта мне здаецца так ад ператомы?