Мертвым не балиць, частка 2

  Тым часам над сялом, над шырачэзнаю балкай і стэпам у ранішняй марознай смузе ўзыходзіць сонца. Нейкае яно сёння надзвычай вялізнае і чырвонае. Проста дзівосна бачыць такі яго ярка-крывавы шар, які нетаропка выкочваецца з-за краявіду і неўпрыкмет сунецца ўвысь. Небакрай на ўсходзе таксама чырвоны – шырока і густа заліты нейкай мутнай, слаба падсветленай чырванню. Штось нядобрае тоіцца ў сённяшнім усходзе... Нешта трывожна-вусцішнае нараджаецца разам з днём і гняце. Я не ўмею асэнсаваць свайго адчування, але нейкая тужлівая прыкрасць завалодвае маім пачуццём, і я ведаю: гэта не к дабру.

  Я стараюся зацяць у сабе трывогу і пазіраю на Юрку. У высока паднятым каўняры паўшубка знерухомеў на снезе ягоны засяроджана-знямоглы твар. Юрка ўсё ў непрытомнасці, і калі б не рэдкія ціхія стогны, здаваўся б зусім нежывы. Танкіст спакойна хрумстае сабе снег, бы нічога асаблівага навокал няма. Я ж прыслухоўваюся да галасоў тых, ля аўтаматчыка, і разумею: Сахно загадвае несці нябожчыка далей. Разведчыкі ж аднекваюцца. Каця маўчыць. Вядома, нягожа пакідаць яго на дарозе, але і мы не жалезныя... Я ўстаю і, больш чым дагэтуль кульгаючы, падыходжу да капітана. Сахно, адкінуўшы палу паўшубка, засоўвае ў кішэню дакументы памёршага.

  – Трэба пра жывых болей падумаць!

  Сахно крута павяртаецца да мяне і высока ўскідвае няголены свой падбародак.

  – Гэта вы пра што?

  – Пра тое, што чулі. Хай байцы бяруць малодшага лейтэнанта.

  – Вашага сябра?

  – Сябра. Ну і што ж? Або таго, – ківаю я ў бок лётчыка, які цярпліва скурчыўся ля немца.

  – Што, немца шкада?

  – Не шкада, а брыдка.

  – Ах, брыдка! А я думаў, шкада. Спачуванне, так сказаць, – сцяўшы квадратныя пашчэнкі, кпліва цэдзіць Сахно. I раптам уладарна загадвае разведчыкам: – Узяць труп!

  Спатнелыя і стомленыя, разведчыкі пераступаюць з нагі на нагу. Запэцканыя і падзёртыя іх халаты падпяразаны скуранымі нямецкімі дзягамі. I раптам у аднаго ля спражкі я бачу знаёмыя гранаты. Так і ёсць: выскраблены чымсьці вострым надпіс «Коваль М.». Я не магу ўтрымаць здзіўлення і раблю крок да разведчыка.

  – Слухай, ты дзе іх узяў?

  Замест таго каб адказаць, разведчык чамусьці тузае галавой, хіліцца, хіліцца да мяне і раптам усім целам грузна валіцца на дарогу. У наступнае імгненне, не паспеўшы здзівіцца, я таксама падаю. У паветры над галовамі праносіцца блізкая чарада куль: «Жві-у, жві-у, жві-у...» Немцы?

  Я тут жа крута перакідваюся тварам назад – ну, вядома ж, мы праваронілі – у сяле немцы! Чатыры ці пяць аўтамашын або транспарцёраў (а можа, і танкаў) сунуцца па вуліцы, і з пярэдняй у наш бок джгаюць бляклыя ўранку трасы.

  Зразумеўшы ўсё, я рыўком кідаюся да Юркі. Побач усхопліваецца з долу танкіст. Ззаду да нас падбягае Каця. Танкіст азіраецца і ашалела лаецца нядобрымі словамі:

  – Гад, здурнеў, ці што? Пэўна ж, свой...

  – Свой! Знайшоў сваяка! Трымай палатку! – крычыць Каця.

  – Бягом! Бягом! – крычыць зводдаль Сахно (ці, можа, разведчык).