Мертвым не балиць, частка 2

  Мы ўтрох нязграбна хапаем Юрку, але яго цела тут жа спаўзае з вузкай палаткі на дол. Новая чарга пырскае ў вочы снегам. Каб затуліцца ад куль, я рэзка пхаю сябра ў каляіну, дзе глыбей, і звальваюся туды сам. Калі чарга мінае, ускочыўшы, падхопліваю Юрку пад паху. Побач узнімаецца з долу танкіст. Усё лаючыся, ён рэзка рве яго за другую руку, ногі падбірае Каця. Над галовамі зноў імпэтна праносіцца агняны струмень, але міма. Здаецца, мы цэлыя. Адчуванне маё прытупляецца, у гарачцы дубее развага, і адзінае, амаль падсвядомае імкненне вымушае: «Хутчэй!» Я ўжо не азіраюся, уся мая ўвага скіроўваецца толькі наперад. Сахно і разведчык, прыгнуўшыся, далёка бягуць па дарозе. За імі цягне лётчыка немец. Другі разведчык ляжыць між каляін побач з трупам аўтаматчыка. Вядома, тыя іх кінулі. Але і нам няма як затрымлівацца – хутчэй! Хоць бы якіх сто крокаў за пагорак – там бы мы захінуліся.

  Чэргі б’юць то пад ногі, то праносяцца паўз галовы, вецер абдае снегавым пылам. Мы ўскокваем і зараз жа падаем, але з усіх сіл валачом Юрку. Урэшце, каторы ўжо раз распластаўшыся ў каляінах, бачым – схаваліся. Сяла не відаць, кулі ідуць верхам. Тады мы аслабела ўстаём, і я аддаю сябра танкісту, які за каўнер дужа цягне яго за сабой па каляіне. Я плятуся апошні і слухаю: вось-вось загрукочуць маторы.

  Эх, чорт, трэба гранаты! Як трэба цяпер гранаты. I я лаю сябе, што не ўзяў тыя, у разведчыка. Толькі як было ўзяць?..

  Наперадзе снегавая роўнядзь, і па ёй пралягае дарога. Далей два рады слупоў, нейкая будыніна, – там, здаецца, чыгунка. Туды аслабела клумаюць Сахно і разведчык. Разведчык, аднак, прыпыняецца і, прычакаўшы, пачынае памагаць немцу. Юрка ў надзейных руках танкіста і Каці. А я ўжо не магу. Я дастаю з-за спіны мой карабін і падаю ў каляіне.

  Памерці, ці што? Пэўна, гэта было б удачай – так вось ціха заплюшчыць вочы і сканаць. Толькі, ведаю, такая смерць – для мяне раскоша. Будзе зусім інакш: перабітыя косці, разарванае цела, кроў і пакуты... I будзе хутка – вось-вось. Як толькі пакажуцца з балкі немцы. Тады і канец...

  Аднак у магазіне чатыры патроны. Я перазараджаю карабін і пачынаю чакаць. Каляіна пада мной мелкая і шырокая. Грубы след «студэбекера» сям-там зацёрты Юркавым целам. Камякі снегу. Сляды. Конскі памёт. Калі добра пацэліцца, першымі стрэламі я магу падбіць пару фрыцаў. На большае разлічваць цяжка. Але і для таго трэба аддыхацца, супакоіцца. Хоць бы паспець!..

  Аднак немцаў няма. I з-за пагорка не чуваць нічога. Што за дзіва? Нешта даўгавата яны марудзяць. А можа, ім напляваць на нас? Можа, павярнулі куды на іншую дарогу?

  Я азіраюся. Танкіст з Кацяй на ўвесь рост нясуць Юрку. Астатнія ўжо ля будыніны. Здаецца, там пераезд. Якое-ніякое сховішча. I, значыць, жыццё... Гэта раптам абнадзейвае. А можа, і я паспею!

  

  

  Не верачы, што ўсё абышлося, я пераходжу шасейку, якая на гэты бок бяжыць поруч з чыгункай, і кульгікаю на пераезд. Але гэта не пераезд, а хутчэй будка абходчыка – цагляная дамоўка, хляўчук, штабель шпал і некалькі абсыпаных снегам рэек на нізкай падстаўцы. Шлагбаумаў тут няма.

  Хлопцы ляжаць у снезе за рэдзенькім паламаным штыкетнікам. Праз ягоныя шчыліны тырчаць на дарогу два аўтаматныя ствалы. Чакаюць. I лаюцца. Прынамсі, лаецца адзін Сахно.