Мертвым не балиць, частка 2

  – Сядзь, – ціха кажа Юрка, адкрыўшы і аслабела заплюшчваючы вочы.

  Я апускаюся ля яго на салому і маўчу. Я не ведаю, што з ім? Ці не самае горшае?..

  – Цябе там не параніла? – ціха пытаецца Юрка.

  – Не, Юра. Абышлося. А ты чуў? – пытаюся я, сцяўшы дыханне. Няўжо ён усё чуў, што рабілася на дарозе?

  – Я разумею, – маючы на ўвазе нешта сваё, кажа Юрка. – З намі вазні!.. Самім столькі бяды! Але знаеш... Не кідай. Дужа прашу. Я-то чорт з ім... Але маці ў мяне, ведаеш жа... Не перажыве яна...

  Ён змаўкае, і ў мяне адлягае ад сэрца.

  – Юр! Ну што ты! – дзіўлюся я, адчуваючы сваю няшчырасць. Бо я не ведаю, куды мы яшчэ падамося? Як выкруцімся з гэтай бяды? Ці здолеем вынесці яго жывога? Не ведаю чаму, але мая рашучасць уратаваць яго пахіснулася. I ўсё ж я з раптоўнай упэўненасцю абяцаю: – I не думай пра гэта: не кінем!

  Юрка нешта ўзіраецца ў столь і ўздрыгвае.

  – Знабіць, халера. А наогул – мне лепш. Я цяпер адчуваю: выжыву. Учора, прызнацца, думаў, хана, – вуснамі ён спрабуе ўсміхнуцца. I зноў сур’ёзна: – Выбрацца б толькі...

  – Выберамся, Юра. Тут ужо недалёка. Во немец паможа. Яшчэ ёсць двое здаровых. Не турбуйся.

  Я азіраюся на Кацю, якая ціха стаіць ззаду, і раптам бачу яшчэ некага на падлозе ў другім куце. Прыкрыты шынялём, ён ляжыць у цені. Толькі ногі ў нямецкіх, дбайна падкутых ботах выцягнуліся да парога.

  – Хто гэта?

  – Немец. Хто ж яшчэ... – кажа Каця.

  – Немец, сынок, немец, – пацвярджае стары, пэўна, гаспадар гэтай дамоўкі. Ён расслаблена шкандыбае ад парога і сядае на край тапчана. Пасля раздумна знімае шапку. На белай галаве тапырацца зблытаныя ссівелыя космы.

  – Адкуль немец?

  – Ды тут, учора... Паміраў на шашы. Ну, падабраў...

  Я ўстаю, адкідваю край шыняля. На скрываўленай саломе зжаўцелы, здаецца, малады яшчэ твар. Паўрасплюшчаныя нерухомыя вочы. Худая кадыкастая шыя. На пагонах па два афіцэрскія знакі. Обер-лейтэнант вермахта.

  – Усю ноч кідаўся. I плакаў, як дзіця. Нялёгка адыходзіў, не дай Бог. Цяпер ужо што?.. Цяпер царства нябеснае.

  – Ты што, у немцаў служыў? – кальнуўшы яго позіркам, строга пытаецца Каця.

  Чалавек з дакорам паднімае на яе вочы.

  – Чаму так кажаш, дачка?

  – Бо дужа жаласлівы.

  – Ну, хай сабе жаласлівы... Не блага гэта. А немцам я не служыў. Я працаваў тут. Дваццаць год тут працаваў на чыгунцы, – крыўдліва кажа чалавек. – Сябе карміў. Нявестку з дзецьмі. Ды яшчэ вашых двух у сорак першым выхаджваў... Пакуль раны загаіліся. Што ж, сам салдат быў. У тую мікалаеўскую пабачыў ліха... У палоне ў іх быў. Ведаю.

  – А гэта? – ківаю я на немца пад шынялём.

  – А што гэта? Быў, можа, фашыстам. А паміраў – Бога ўспамінаць стаў. Гота па-іхняму. Які ўжо тут фашыст? Перад канчынай-та. Смерць, яна ўсіх уроўнівае. Цяпер ён проста чалавек. Нябожчык.

  – Ачалавечыш яго! – кажа Каця. – Мала ты, напэўна, пабачыў іх...