Мертвым не балиць, частка 2

  – Ану, перабежкамі!

  Коваль сапе і не варушыцца ў мяккім доле.

  – Не пайду.

  – Што? Ты каманду чуў?

  – А што каманда? Я ранены.

  Ён кратае нягнуткай левай рукой, другою прыціскае да грудзей пакунак з гранатамі.

  – Ты што, з глузду з’ехаў? – крычу я. – Што ты цяпер ім зробіш?

  Нашыя ўсе перабягаюць па схіле ўніз. Там нямецкія танкі ўжо іх не ўбачаць. Гахае ў стэпе і на тым баку ў сяле. Пачалася танкавая дуэль, у якой пяхоце ўжо няма чаго рабіць.

  – Не, – упарціцца хлопец і выцягваецца на маім належаным месцы. – Гады! Яны Маскальчука забілі!

  Ён раптам хліпае і па брудным твары размазвае слёзы. Позірк яго паныла ўпіраецца ў нямецкія танкі. А тыя кудысь паўзуць і паўзуць. Напэўна, абходзяць сяло.

  Тады хлопец хліпае мацней і падхопліваецца з варонкі. Я яшчэ не паспяваю сцяміць, як ён бяжыць з сваімі гранатамі некуды ўбок. Ці не напярэймы танкам?

  – Стой! Ты куды? Вярніся!

  Але ён нават не азіраецца. Неўзабаве падае ў нейкую варонку, пасля падхопліваецца і бяжыць далей.

  Вось дурань! Упартасці і злосці нават залішне, а памяркоўнасці – ні на грош. Няхай нават... ён іх дагоніць, дык што карысці?

  Хутка ён дзесьці знікае сярод варонак, мне ж трэба ў сяло. Як гэта ні дзіўна, а здаецца – яшчэ выпадзе пабачыць Юрку. Як ён там, дружа!.. I я выпаўзаю з варонкі на размецены выбухамі снег.

  

  

  Знясіленыя і прыгнечаныя, мы брыдзем па неглыбокім снезе ў сяло.

  Нас зусім мала, чалавек з дзесяць. Аднаго двое нясуць на шынялі. Адзін знямогла пляцецца, абапёршыся на таварыша. Усе маўчаць. Нехта проставалосы. Нехта прыціскае да боку абвіслую, як бізун, руку. Я шкандыбаю апошні. Карабін, які нічым не паслужыў мне супроць танкаў, цяпер памагае замест кастыля.

  Вузенькай сцежкай па-над тынам мы выходзім на вуліцу і адразу натыкаемся на «віліс» і «додж». Яны дбайна прытулены пад сцяной хаты. Ля іх некалькі камандзіраў. Наперадзе відаць высокая шэрая папаха на маленькім вяртлявым палкоўніку. Гэты палкоўнік нейкім злым вокрыкам раптам спыняе ўсю нашу групу.

  – Хто камандзір?

  Хлопцы, па адным спыняючыся, паныла маўчаць, поўныя яшчэ перажытым. Нават не верыцца, што мы ўцалелі. А колькі пагінула ў варонках!.. Палкоўнік нецярпліва пераступае валёнкамі і ляскае сябе дубчыкам па халяве. Побач пастала некалькі камандзіраў з ягонай світы. Усе змрочна глядзяць на нас.

  – Хто старшы, я пытаюся? – са стоенай пагрозай выкрыквае палкоўнік.

  – Ну, я старшы, – падыходзячы, кажа Еўсюкоў. Ён па-ранейшаму расхрыстаны, з прарэхі курткі праглядае нацельная сарочка. Бінт на шыі ўвесь у крыві.

  – Хто вы такі? Ваша званне? – тонам, які не абяцае дабра, пытаецца палкоўнік і сціскае голеныя пашчэнкі.

  – Старшы артмайстар старшына Еўсюкоў, – змрочна рапартуе старшына, прыставіўшы нагу да нагі.