Мертвым не балиць, частка 2

  – Да сценкі! Да сценкі! Не таўпіцеся ля дзвярэй.

  – Не ўцячэм! – кажа наш хлопец у чорным.

  Трымаючы пэўную дыстанцыю ва ўзаемаадносінах, афіцэр суха кідае:

  – Ахвотна веру.

  Ён зусім яшчэ малады, мусіць, нядаўні выпускнік міліцэйскага вучылішча, і строгасці на ягоным твары праз меру. Старшына, што прывёў нас, становіцца ля дзвярэй. Мы ўсе выстройваемся ў рад, за тры крокі ад адзінага тут стала, і малодшы лейтэнант апускаецца на стул.

  – Ну, у чым справа? Хто растлумачыць?

  Гарбацюк памыкаецца да стала.

  – Яны зняважылі мяне. Апроч таго, планкі...

  – Вас мы ўжо чулі, – даволі рашуча перабівае яго афіцэр і ківае на мяне. – Скажыце вы!

  – Што казаць? Планак у яго не было. Я іх не бачыў. Малодшы лейтэнант кідае беглыя позіркі на іншых і спыняецца вачыма на Ігару.

  – А вы што скажаце?

  – Я далучаюся да таварыша. На жаль, не ведаю прозвішча.

  – Так. Значыць, не прызнаяцеся. Тады будзем пісаць. Ён разгортвае на стале канцылярскую кнігу. З кішэні кіцеля дастае аўтаручку.

  – Та-ак! Пішам. Па парадку. Вас першым. Прозвішча, імя, імя па бацьку.

  – Васілевіч Леанід Іванавіч.

  – Год нараджэння?

  – Іысяча дзевяцьсот дваццаць чацверты.

  Ручка яго, аднак, не хоча пісаць, драпае паперу, і малодшы лейтэнант страсае яе ўбок. На чырвоным, заляпаным чарнілам абрусе з’яўляецца новая пляма.

  – От, чорт! Далей?

  – Кавалевіч Ігар Пятровіч. Тысяча дзевяцьсот трыццаць чацвёрты.

  – Так. Далей.

  – Цяслюк Віктар Сямёнавіч. Трыццаць восьмага.

  Ручка ў афіцэра зноў драпае, і ён, павярнуўшыся, рэзка страсае яе ў гэты раз на падлогу.

  – Цяслюк. Далей.

  – Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога.

  Малодшы лейтэнант узнімае твар.

  – А вы што – сведка?

  – Яна ні пры чым, – аб’яўляе Гарбацюк і з зацятым выразам закладвае рукі за спіну.

  – Не. Я пры чым. Пішыце і мяне.

  Гаспадар пакоя з недаверам пытаецца ў Гарбацюка:

  – Яна, значыць, не абражала вас?

  – Не. Яна не.

  Малодшы лейтэнант вагаецца, і Эрна з раптоўнай рашучасцю ў вачах падскоквае да стала.

  – Пішыце, пішыце! Я яшчэ абражу.

  Малодшы лейтэнант амаль збянтэжана знізу ўгору глядзіць на яе. У чорных вачах дзяўчыны бунт і рашучасць. Афіцэр, не адрываючы ад яе позірку, вяла страсае ручку.

  – Фогель?..

  – Фогель Эрна Дзмітрыеўна. Тысяча дзевяцьсот сорак другога года нараджэння. Запісалі? А цяпер я скажу.

  Вёртка крутнуўшыся ад стала на сваіх востранькіх шпільках, яна апынаецца тварам у твар да Гарбацюка.