Мертвым не балиць, частка 2

  – Вы, нягоднік! Чуеце! Нягоднік і правакатар!

  Ігар падаецца да дзяўчыны, хапае яе за руку.

  – Эрна!

  – Эрна, ды кінь ты! – з другога боку да яе падыходзіць Цяслюк.

  Ігар ставіць яе з сабой побач. Жывы, рэзка акрэслены твар дзяўчыны гарыць ад абурэння.

  – А я не баюся! Ваша шчасце, што іх у вас не было. Я б іх сама сарвала. Вы іх няварты. Вы правакатар!

  – Вы чуеце? Вы чуеце, таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу запісаць.

  Малодшы лейтэнант ускоквае за сталом і, як утрапёны, глядзіць на дзяўчыну.

  – Замаўчыце!

  Эрна змаўкае, але ўся аж калоціцца ад узбуджэння.

  Гарбацюк тыкае ў нас пальцам і крычыць афіцэру:

  – Вы бачылі? Яны ўсе п’яныя. Прашу запісаць.

  – Ану, вядзіце сябе прыстойна. Тут не рэстаран, – строга кажа малодшы лейтэнант.

  Эрна марудна супакойваецца. Абхапіўшы за плечы, яе туліць да сябе Ігар. Я з усяе сілы стараюся стрымацца, каб выглядаць спакойным, хоць адчуваю – маёй вытрымкі хопіць ненадоўга.

  Хмурачы рэдзенькія броўкі, стаіць малодшы лейтэнант, стаяць міліцыянеры ў парозе. Зацяўшы ў сабе прыкрасць і гнеў, моўчкі стаім мы. Адзін толькі Гарбацюк прыкметна ажыўляецца і ўсё памыкаецца да стала.

  – Ось, бачыце! Ось, бачыце. Прамыя выпады! Так, так! Урадавыя ўзнагароды ёсць акт Савецкага ўрада. А яна што сказала? Я папрашу ўсё запісаць. Я не дарую. Я гэтыя ўзнагароды заслужыў у баях!

  – Безумоўна! – парушае напружанае маўчанне афіцэр. – Ніхто не даў права зневажаць тое, што заслужана на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

  З акамянеласцю, якая зусім не пасуе да яго маладога твару, ён сядае. Яшчэ раз кінуўшы позірк на Эрну, моцна страсае ручку.

  – Ну, не ўсё, што блішчыць на грудзях, у баях заслужана, – кажа ў цішыні Цяслюк.

  Гэты хлопец увесь час трымаецца неяк надзіва роўна і спакойна. На яго поўных сімпатычных вуснах, здаецца, пастаянна блукае дабрадушная ўсмешка. Нібы ўсё, што тут адбываецца, яго ніколечкі не датычыць.

  Малодшы лейтэнант замірае з занесенай над паперай ручкай.

  – Вы не мудрыце мне тут...

  – А я не мудру, – ва ўвесь свой круглявы твар усміхаецца хлопец. – У мяне дзядзька – бацькаў брат – падпалкоўнік у адстаўцы. Усю вайну прасядзеў у Архангельску ў ваенным вучылішчы. Фронту і не нюхаў. А звольніўся – тры ордэны...

  Малодшы лейтэнант недаверліва хмыкае.

  – Раскажыце гэта каму-небудзь іншаму.

  – Дарма не верыце, – кажу я. – Бывае і так.

  – Бувае, – падтрымлівае мяне старшына.

  Ён прысланяецца да сцяны і дастае з кішэні партсігар.

  – Факт! – кажа Цяслюк. – За выслугу год і бездакорную службу.

  Малодшы лейтэнант павяртаецца да старшыны.

  – Прахарэнка, у цябе «Шыпка»? Дай-ка адну...