Мертвым не балиць, частка 2

Ён раструшчвае канец цыгарэты і, нібы разважаючы аб нечым, усё аглядае нас. Мы ўсе ўставіліся ў яго. Цяпер ён – наш бог, уладар нашага лёсу. I мы адчуваем у ягонай нядаўняй настроенасці супраць нас шчарбінку.

  Старшына Прахарэнка тым часам раскурвае цыгарэту і ссоўвае на вуха фуражку. Ягоны грубы, немалады твар кранае дабрадушная ўхмылка.

  – У тыле іх більш давалы, чым на фронце, – з разважлівай дабрадушнасцю кажа ён.

  Гарбацюк крута павяртаецца да старшыны.

  – Гэта не сіаша справа...

  – Чаму ж не наша? Наша.

  – Калі не наша, то чыя ж? – кажу я з выклікам. – Гэта што, справядліва па-вашаму, калі ў тылавіка больш ордэнаў, чым у камандзіра палка?

  Гарбацюк, гляджу, выклік прымае. Вочы яго загараюцца нядобрым агнём.

  За сталом ускоквае малодшы лейтэнант.

  – Спыніць гэтыя размовы! Спыніць зараз жа!

  Ён зачырванеўся і хвалюецца. Я таксама хвалююся. I ўсё ж шкада, што нам не даюць тут схліснуцца як мае быць. Я б яго вывеў на чыстую ваду...

  – Таварыш малодшы лейтэнант! Я прашу гэта запісаць у пратакол! – тыцкае пальцам у паперы Гарбацюк. Чырвоны, спатнелы твар яго пыша абурэннем.

  – Запішам! А як жа? Гэта так не пройдзе! – з пагрозай кажа малодшы лейтэнант і пачынае таропка выкладаць на паперы нашу сутычку. У канцы кожнага радка ён страсае ручку.

  Гарбацюк з помслівай важнасцю падцінае вусны. Падобна, што ён перамог.

  – Сволач ты, Гарбацюк! – кажу я з ледзьве стрыманай лютасцю.

  – Гад! – падтрымлівае мяне Ігар. У ягоных вачах таксама нянавісць да гэтага чалавека.

  Гарбацюк хоча нешта адказаць, але ззаду праз шырока расчыненыя дзверы ў пакой уваходзяць двое. Абодва афіцэры міліцыі.

  – Э-э! Што за грубасці? Што за грубасці? Маладыя людзі!

  Лейтэнант за сталом ускоквае і аддае чэсць.

  – Таварыш капітан!..

  – Так. Што здарылася? – міралюбіва пытаецца капітан і знімае фуражку. Пасля, прыгладжваючы не надта пышныя валасы, глядзіць на мяне. – Па якому праву вы аблаялі гэтага грамадзяніна?

  – Па праву франтавіка! – кажу я занадта цвёрда і, можа, занадта ўзрушана.

  Але дабрадушна настроены капітан на мой адказ ніяк не рэагуе. Ён пераводзіць позірк на Ігара.

  – А вы, малады чалавек, па якому праву? Мусіць, вы-то не франтавік?

  Шэрыя вочы Ігара робяцца жорсткія, тугія скулы на шчоках выпінаюцца яшчэ болей.

  – Па праву сына франтавіка. Дарэчы, забітага. Капітан счапляе на жываце пальцы і павяртаецца да Гарбацюка.

  – Ну, але ж і вы, мабыць, франтавік? Гарбацюк падцягваецца ўсёй сваёй постаццю.

  – Так точна. Гвардыі маёр запасу.

  – Ай-я-яй-яй-яй-яй! – прытворна бядуе капітан. – Таварышы франтавікі! У Дзень Перамогі такія абразы! Як вам не сорамна? Што ў вас такое здарылася? Ану, Сямёнаў, дай-ка пратакол.