Мертвым не балиць, частка 2

  Малодшы лейтэнант падае аркуш паперы і з важнасцю ў тоне тлумачыць:

  – Палітычныя выпады, таварыш капітан.

  – Так, так, так... Так, – прыгаворвае капітан і хутка прабягае вачыма па радках пратакола. – Так! Гм! Ды глупства ж гэта! Чапуха! Звычайная склока. Курам на смех...

  Малодшы лейтэнант збянтэжана хмурыцца і чырванее.

  – I такім глупствам вы марочыце мне галаву? – урэшце пытаецца ў яго капітан. – Пусцяковая справа. Згодны, Сямёнаў?

  – Так точна. Я думаў...

  Рыпаючы новымі ботамі, капітан падступае да нас.

  – Ну што вы, як дзеці? Ай-яй! Франтавікі! Ці варта зводзіць старыя рахункі? У такі дзень. Ну, можа, што і было ў вайну. Але ці варта тое ўспамінаць? Столькі гадоў... Мірыцеся і – з Богам. Нават і пратакола пісаць не будзем.

  – Не! Пішыце. Калі мы ўжо тут апынуліся, дык усё пішыце, – кажу я.

  Мяне пыдтрымлівае Ігар.

  – У нас не проста сварка. Мы прынцыпова... Капітан падыходзіць да яго і спыняецца.

  – Кіньце вы. Якія там прынцыпы? Ну выпілі і паспрачаліся. Заўтра праспіцёся – самім сорамна будзе.

  – Мы не п’яныя.

  – Ну, тады проста вы злыя. Маладыя і злыя. Ай-яй...

  – Мы не злыя! – кажа Эрна. – Мы за справядлівасць! Павінна ж быць элементарная справядлівасць.

  – Справядлівасць? Безумоўна. Гэта пахвальна. Чаму ж тады вы зняважылі гэтага грамадзяніна. Ён жа вам у бацькі гадзіцца.

  – Не пра мяне гаворка! – з адценнем пакутніка ў тоне адзываецца ад парога Гарбацюк. – Я дакладваў і прасіў запісаць: яны дапусцілі выпады.

  Капітан змаўкае і, асцярожна ступаючы блішчастымі ботамі, накіроўваецца да парога.

  – Якія іменна выпады?

  – Выпады! – цвёрда вымаўляе Гарбацюк. – Вы разумееце якія.

  – Хлусня, – кажу я. – Гэтага не было. Капітан спыняецца пасярод пакоя. Вусны яго строга падціскаюцца.

  – Не, было... – фальшыва гарачыцца Гарбацюк. – Я не магу тут пры ўсіх паўтарыць, што ён казаў у рэстаране. Але я напішу... Калі вы не прымеце адпаведныя меры, я напішу куды трэба.

  Капітан робіцца строгі. Яго тон мяняецца на адрывісты.

  – Сведкі ёсць?

  – Я сведка! Я чалавек асаблівага даверу. Гэтага дастаткова.

  – Вы памыляецеся, грамадзянін. Гэтага недастаткова.

  Ад гэтых слоў у мяне выбухае зларадства. Ага – праўда за намі. Чорта з два ён нас праглыне! Падавіцца... Ён толькі іграе на нервах. Пракляты рудымент. З якой шчыліны вылез гэты змарнелы без людской крыві клоп? Няўрымслівы прыліў гневу і рашучасці падхоплівае мяне з месца і штурхае да расчырванелага потнага Гарбацюка.

  – Чуў? Не тыя часы! Ты трохі спазніўся!

  Я ледзьве валодаю сабой. Да болю ў арбітах напружваюцца мае вочы. I сціскаюцца кулакі.

  Ззаду крычыць малодшы лейтэнант: