Мертвым не балиць, частка 2

– Грамадзянін! Спыніць! Зараз жа адыдзіце на месца!

  Але потны Гарбацюкоў твар таксама люцее. З лютасцю ён падаецца мне насустрач.

  – Магчыма! Тваё шчасце. Я спазніўся. А то б я зламаў табе хрыбет! Не такім ламаў. Шкада, мала! Не ўсім! Засталіся...

  Мае кулакі раптам робяцца важкімі. У вачах зноў туман, і ў тумане не Гарбацюк – Сахно. Ззаду патрабавальны суровы крык, якога я ўжо не слухаю. Нехта падскоквае збоку, каб ухапіць мяне за руку. Але я апярэджваю і, паддаўшы ўсім корпусам, б’ю яго ў сківіцу.

  Далей – крык, віск. Гарбацюк кідаецца да мяне. Але яго ўжо хапаюць. Мяне хапаюць за рукі раней. Ля пляча насуплены твар старшыны. Я, аднак, не вырываюся. Я яго болей не ўдару. Гэта адзін раз. I – дзіўна – мне робіцца лягчэй. Я хутка спакайнею. Я чую побач адабралыше – «Правільна». Гэта Эрна.

  А ён яшчэ тузаецца з міліцыянеравых рук. Ды дарма. Хлопцы трымаюць моцна.

  – Гэта безабразіе! Дайце мне начальніка аддзялення! Я буду скардзіцца!..

  Моладзь ля сцяны ажыўляецца.

  – Колькі ўлезе.

  – Ага, заспяваў Лазара!

  – Мярцвяк жа! Нябожчык. Труп. Смярдзіць, а не выносяць, – хуценька гамоніць Эрна.

  – Спадзяюцца, што самі выпаўзуць! – адказвае ёй Цяслюк.

  Гарбацюка саджаюць у кут на табурэтку. Яго трымае малады міліцыянер. Капітан павяртаецца да моладзі.

  – Ану, марш адсюль!

  I да мяне:

  – А вы застаньцеся. Вас мы аформім.

  Хлопцы і Эрна нерашуча топчуцца ля сцяны і са спагадай глядзяць на мяне. Капітан павышае голас:

  – Што, не зразумела? Вызваляйце памяшканне! Жыва!

  На ягоным твары знікае і след нядаўняга дабрадушша. Цяпер гэты твар не абяцае дабра. Ну, але гэта датычыць толькі мяне.

  – Ладна, шчасліва, – кажу я хлопцам і Эрне.

  Ігар першы робіць крок да мяне.

  – Дайце вашу руку.

  Ён моўчкі і вельмі цвёрда цісне мне пальцы і адыходзіць. Эрна, усміхаючыся, падае мяккую цёплую далоньку.

  – Не бойцеся!

  – Глупства! Я не баюся. Шчасліва вам!

  З прыкметнай палёгкай яны прапускаюць Эрну і зачыняюць за сабой дзверы. У пакоі адразу прастарнее. За стол сядае капітан. Засяроджана прыкурвае ад запальніцы. Падсоўвае да сябе паперы.

  – Ну, франтавічкі! Падалі прыклад моладзі! Вельмі прыгожа! Што ж, цяпер я разбяруся з вамі.

  

  

  «Minen» – папярэджвае надпіс на дошцы, прыбітай да вешкі, што тырчыць на дарозе. Надпіс не знялі, значыць, нашых тут яшчэ не чакалі, мы першыя. Гэта, вядома, шмат дабра не абяцае. Але танкавыя часці ўсё ж недзе прайшлі. Аб тым сведчыць грымоцце бою, якое калоціць зямлю недалёка наперадзе. Недзе ў тым жа баку нізка над гарызонтам каруселяй уюцца «ІЛы» – штурмуюць немцаў. Злева ж далёка за балкай відаць доўгія будынкі прыгараднага саўгаса. Пад іх сценамі туляцца машыны і фурманкі. Вядома, там немцы.