Мертвым не балиць, частка 2

  Мы ўсе разам спыняемся, кладзём на снег Юрку. Сахно выдзірае з дарогі вешку, адрывае ад яе дошку і кідае ў снег. Пасля з палкай павяртаецца да свае прыціхлай чацвёркі.

  – Так... Пойдзем праз міннае поле! – аб’яўляе ён і па чарзе, нібы выпрабоўваючы, з-пад ілба аглядвае нас. Каця ўскідвае голаў.

  – Вы што? Ці ў сваім розуме?

  – Не ваша справа. Я з вамі не жартую. Я загадваю, – уставіўшыся ў дарогу, змрочна аб’яўляе Сахно. – Зрэшты, калі хто не згодны, гаварыце адразу. Для таго я знайду іншае выйсце.

  Хвіліну мы ўсе маўчым. Я таксама не зусім разумею яго. Калі б ён выпраўляў нас адных, дык усё было б проста. Але ж, відаць, па мінным полі прыйдзецца ісці самому. Гэта ўжо бянтэжыць.

  – Пайшлі вы к д’яблу! – шырока раскрыўшы гняўлівыя вочы, лаецца Каця. – Вы нас пагробіце. I раненых. Ці вы звар’яцелі?

  Сахно цярпліва выслухоўвае дзяўчыну, стоячы да яе бокам, і бровы яго ўсё ніжэй асаджваюцца на сцюдзёныя вочы.

  – Я выконваю загад. У арміі палагаецца выконваць загады. Апроч, як праз міны, дарогі ў нас няма. Немцам жывымі я вас не пакіну.

  У вачах яго жалезная цвёрдасць. Набычыўшы голаў, ён пранізвае Кацю вострым, нядобрым позіркам.

  – Чаму ўжо немцам? Калі пакідаць, дык абавязкова немцам? – кажа Каця і, павярнуўшыся ад яго, паныла адыходзіць убок.

  Сахно, сцяўшы сківіцы, нешта абдумвае. Настае пакутная паўза, і, каб скараціць яе, я кажу:

  – Пападрываемся ж!

  Сахно адказвае не адразу.

  – Падарвецца адзін – наперад пойдзе другі. А вы як думалі?

  Самаўпэўненасці ў яго нават залішне. Нібы перад намі не міннае поле, а вучэбны пляц. Але ж што рабіць – падацца болей няма куды: з трох бакоў немцы. Можа, як і праскочым... Капітан тым часам, ашчадна несучы за пазухай свій локаць, павяртаецца да нас:

  – Ну! Хто першы?

  Мы ўсе прыціхлі і маўчым. Глядзім кожны сабе пад ногі. Аднак Каця, зусім не бянтэжачыся, злым позіркам мерае немца.

  – Калі так, хай фрыц! Іхнія міны. Няхай па іх і топае.

  Сахно нязгодна дзёўбае палкай у снезе.

  – Фрыц цябе завядзе?!.

  Можа, і так. Можа, і завядзе. Або кінецца ўцякаць. Даганяй тады па мінах. Відаць, і напраўду пускаць яго першым нельга. Але тады каго? Не Кацю ж! I не мяне. У мяне нага адразу дзве міны зачэпіць. Застаецца танкіст...

  Спадылба я тайком пазіраю на гэтага чарнявага хлопца. Сахно ўжо, як на прызначанага, ва ўпор глядзіць на яго. Танкіст нерашуча топчацца, пазіраючы некуды ўбок, але, відаць, адчувае, што першым прыйдзецца ісці яму.

  – Ось так! – кажа Сахно. – Бярыце палку і – шагам марш!

  Танкіст вяла закідвае за спіну аўтамат і прамазучанай рукой моўчкі бярэ палку. Капітан паўз сябе прапускае яго на снегавую цалшу.

  – Так. Дыстанцыя пяцьдзесят метраў. За ім пойдзеце вы! – тыцкае ён у мяне і прыкрыквае на танкіста: – I хутчэй! Не ўзарвешся!