Мертвым не балиць, частка 2

Мы скіроўваем у стэп да бліжняга з трох скіфскіх курганаў, што высяцца на снегавой белізне. Юрка ў гэты раз дастаецца Энгелю, які без загаду ўзвальвае яго на сябе. Ў стэпе зачынаецца пазёмка. Снегавыя космы рвуцца з-пад ног і далёка распаўзаюцца ў доле. Скрозь дробненька трымціць на снезе быльнёг. Сцюдзёна дзьме вецер, і невысока на небе праз смугу сіратліва блішчыць зімовае сонца. Я старанна крочу па танкіставых слядах. За мной ідзе Каця. За ёй, сагнуты пад цяжарам нялёгкае ношы, немец. Сахно замыкае пяцёрку.

  Унутры ў мяне ўсё пакутна напружваецца. Здаецца, аж замірае сэрца. Ідзеш, як па лязе брытвы. Як па гарачым вуголлі. Увесь час трэба ўглядацца пад ногі, каб ступаць след у след. А вочы міжвольна імкнуць наперад – туды, да танкіста, дзе – невядомасць і смерць. На перамеценым снегавымі пасмамі доле сапраўды дзе-нідзе старыя сляды. Аднак яны ледзьве прыкметны. Міны ж усе ў снезе, які тут зусім неглыбокі, да шчыкалаткі. Выдатная маскіроўка. Добра яшчэ, што ў пярэдняга палка. Снег мяккі.

  Ужо добра адышоўшыся ад дарогі, танкіст спыняецца і, пакалупаўшы палкай, вывальвае на снег нешта круглае. Гэта – міна. Сахно ззаду крычыць:

  – Не чапай! Не чапай! Марш упярод!

  – Процітанкавая! – басіць танкіст і, грэбліва пхнуўшы нагой шэры смертаносны кругляк, ідзе далей.

  У нас крыху прыбаўляецца смеласці. Калі міны процітанкавыя, то яшчэ паўбяды. Пад намі яны не ўзарвуцца. Калі няма проціпяхотных. Тады, лічы, нам пашанцавала.

  Танкіст наперадзе, бачу, жывее. Рухі яго робяцца зграбнейшыя, відаць, і страх у яго меншае. Хлопец сігае шырэй. Я дык ужо і не зганюся з ім і паступова адстаю. Але ззаду мяне падганяе Каця. Занадта вырваўшыся наперад, танкіст заўважае гэта і прыпыняецца.

  – Шырэй крок! Ні чарта тут няма! – упэўнена кажа ён.

  Я стараюся крочыць хутчэй. I раптам усё ва мне абрываецца. Грымотны выбух, здаецца, расколвае неба. Знячэўку я прысядаю, ускінуўшы да галавы локці. Нешта са свістам праносіцца ўгары. Наперадзе ж чорная рваная пляма на снезе і пыл. Воблака яго, хутка радзеючы, сцелецца ў полі.

  У наступную секунду я азіраюся. Ззаду ўсе ляжаць, але быццам усе жывыя. Прыніклі да зямлі і анямелі. А танкіста няма. На тым самым месцы, дзе ён толькі што быў, вывараціны мёрзлай зямлі і груды снегу.

  Мяне абдае сцюдзёным потам. Чамусьці набіраецца поўны рот горкай сліны. Наўкола робіцца ціха-ціха, і ў гэтай цішы аднекуль з-за балкі ад саўгаса даносіцца далёкая кулямётная чарга.

  Першай ускоквае з долу Каця. Зноў, як і некалі ў хаце, яна рашуча, па-мужчынску лаецца.

  – Растакую вашу маць!.. Куды завёў? Куды ты нас завёў, сволач!

  Капітан паднімаецца на адно калена і стаіць, увабраўшы галаву ў плечы.

  – Маўчаць! Упярод! – сваім басам заглушае ён крык Каці. – Вы, упярод!

  – Ах, я ўпярод! Мяне гоніш. А табе боязна? Не хочацца паміраць? Малых дзетак шкада? Ласкавай жоначкі?..

  Сахно, сцяўшы сківіцы, грозна чакае. Каця крычыць. Я адчуваю, што, па справядлівасці, ісці першым цяпер трэба мне. Толькі ад страху баўлю час. Мне трэба загад. А загад ён аддае Каці. I, відаць, не мае намеру яго мяняць.