Мертвым не балиць, частка 2

  Не зводзячы здзічэлага позірку з дзяўчыны, ён дрыготкай рукой вырывае з кабуры пісталет.

  – Гад ты! Душагуб! Думаеш, я баюся? За сябе дрыжу? Даганяй, гад! – крычыць Каця і раптам зрываецца з месца.

  Бягом яна абмінае мяне, дасягае варонкі і без секунды развагі кідаецца далей. На шэрым, затрэсеным зямлёй і гараю снезе пралягае роўны шнурок яе свяжутка-белых слядоў.

  Нейкі час мы яшчэ стаім, не ў стане адолець страхавітай нерашучасці. Але вось з саўгаса зноў грукоча даўжэзная, настойлівая чарга. Некалькі куль угары віскліва прарэзваюць паветра. Гэта надае жвавасці, і мы ўраз подбегам рушым з месца.

  Я зноў напружваюся, стараючыся як мага раўней ступаць у Каціны сляды. Пад кулямётны строкат дабягаем да неглыбокай варонкі. Тут мін няма. Але тут горш, чым на снезе. Тут вее не магчымай, а ўжо рэальнай смерцю. Смерцю таварыша. I тое, што пагібель трапіла другому, а не табе, цяпер ужо не абнадзейвае. Пад нагамі нейкі шкумат вопраткі, збоч з снегу жахліва тырчыць костка – крывава-белая на земляной шэрасці. Зводдаль, адкінуты выбухам, валяецца чорны танкавы шлем. Гэта ўсё. Іншае расхрыстана, расшкуматана мінай і разматляна з зямлёй і снегам.

  Але Каця, бадай, ашалела. Што яна робіць? Без палкі, не разбіраючы дарогі і нават не азіраючыся, яна хуткім крокам і подбегам, без усялякай асцярогі шыбуе па снезе да недалёкага ўжо кургана. Быццам ёй вядома, што там канец міннага поля. Сахно нешта крычыць ёй, але яна нават не азірнецца. I мы ідзём па яе слядах. Мы мусім ісці. Заміраючы сэрцамі. З дрыгоццем у нагах. Кожную секунду чакаючы выбуху.

  I здараецца цуд. Каця падбягае да кургана. Спыняецца, павяртаецца да нас і стаіць. Ва ўсёй яе маленькай постаці – дакор і выклік. Па полі ад нас, нібы з пагібелі ў жыццё, цягнецца слабенькі і выратавальны ланцужок слядоў.

  Неяк незразумела павесялеўшы, я прыбаўляю кроку і неўзабаве даганяю яе. Ззаду спяшаецца немец з Юркам на спіне. Ён добра ўходаўся і аж хістаецца. Відаць, знарок адстаўшы, ззаду за ўсімі бяжыць Сахно.

  – Размініравана! Куды далей? – супакоена, але з рэшткамі нядаўняга гневу кажа Каця.

  I мне чамусьці няёмка глядзець на яе счырванелы, змораны твар. Вядома, мы вінаваты перад ёю. Перад яе смеласцю і яе безразважнасцю, якім цяпер абавязаны жыццямі. Але ў тым не хочацца прызнацца нават сабе. Лепш за ўсё вытлумачыць неразумным жаночым капрызам. Гэта дазваляе захаваць наш гонар.

  Хвіліну мы стаім ля яе. Немец з-пад Юркі стараецца зірнуць наперад. Юрка ніцма ляжыць на яго шырокай спіне. Шэры твар сябра павернуты набок. Вочы ледзь-ледзь прыадплюшчаны.

  Тым часам падбягае нахмурана-зацяты, увесь увасабленне вайсковае ўладарнасці, Сахно. За пяцьдзесят крокаў ён спыняецца і сарваным голасам крычыць:

  – Васілевіч, упярод!

  Так. Цяпер нічога не скажаш. Цяпер павінен ісці я. Капітанава бязлітаснасць поўнаю мерай перадаецца мне. Я пайду.

  Толькі куды – упярод?

  Пляскаты пагорачак ад кургана паката загінаецца ўніз. З саўгаса нас ужо не відаць. Крыху ўбаку і ззаду, у неглыбокай доўгай нізінцы, пралягае насып чыгункі. У ім чарнее круглая адтуліна трубы.