Мертвым не балиць, частка 2

  – Пачаму ўйшлі з вышыні? Хто дазволіў? – строга пытаецца палкоўнік і ва ўпор набліжаецца да старшыны.

  Той напружваецца і нядобра зыркае на палкоўніка зацятым позіркам.

  – А хто нам загадваў там быць?

  Палкоўнік скаланаецца ад гэтае дзёрзкасці і робленым басам крычыць:

  – Што? Я вас пытаюся, хто дазваляў пакінуць вышыню?! Вы што – у трыбунал захацелі?

  Еўсюкоў неяк няўлад з гэтай строгасцю трудна ўздыхае і расслабляецца ўсёй сваёй вялікаю постаццю.

  – Эх, дзе вы раней былі, таварыш палкоўнік!

  Маленькі, чыста выгалены твар палкоўніка чырванее ад абурэння.

  – Маўчаць! Вы з кім размаўляеце?..

  – А пайшлі вы!.. – раптам кідае старшына і, схіліўшы голаў, рашуча крочыць на вуліцу.

  Ён неяк аж хістаецца, бы п’яны. Нехта з камандзіраў адступае ўбок, даючы яму дарогу. Двое ўзнімаюць з долу параненага. Хлопцы памалу ідуць за сваім камандзірам.

  – Старшына! Загадваю вярнуцца! – крычыць палкоўнік, на абцасах павярнуўшыся назад.

  Следам за ўсімі іду я. Якраз параўноўваюся з ім, і недзе ўнутры ва мне загараецца крыўдлівае пачуццё несправядлівасці.

  – Ён танкі спыніў. Каб не ён, немцы ўжо тут былі б!

  Палкоўнік упіраецца ў мяне вострым позіркам і хвіліну няўцямна глядзіць, нібы не разумеючы, што я сказаў.

  – Вы хто такі?

  – Малодшы лейтэнант Васілевіч! – адразу ж выпальваю я, з выклікам уставіўшыся ў яго злы твар. Я не баюся. Што ён мне зробіць, параненаму? Усё, на што мы намагліся, было па напіай добрай волі. Не думаючы ўжо выжыць, мы ляглі пад самыя танкі. Сапраўды, дзе ты тады быў, таварыш палкоўнік?

  – Марш туды, малодшы лейтэнант! Загадваю падраздзяленню абараняць вышьшю!

  – У мяне няма падраздзялення.

  – Як няма? Дзе ваша падраздзяленне? Марш адзін, сам! Чорт вас вазьмі! Я вас прымушу!..

  – Я ранены! Во, не бачыце? – крычу ў адказ. Пасля перажытага гэты тон і патрабавальнасць, увесь гэты наскок невядомага палкоўніка раздражняе і злуе да ашалеласці.

  Палкоўнік нешта крычыць і кідаецца да мяне, замахнуўшыся сваім дубцом. Але тут недзе побач гахае выбух, які, мабыць, першы раз у жыцці, мяне не палохае. Саломай і нейкай трухой б’е ў нашыя твары, чымсьці гарэлым густа асыпае наўкола снег. Палкоўнік падае, і тады я, наперакор сабе, нечакана спахопліваюся: ці не забіты? Чорт з ім, хай бы лепш жыў! Усё ж які-ніякі, а камандзір! Але я дарма палохаўся. Неўзабаве палкоўнік ускоквае, ускокваюць з-пад машын ягоныя камандзіры, і нечы ўстрывожаны голас вусцішна гукае:

  – Таварыш палкоўнік, генерал!

  На вуліцы да нас збочвае яшчэ адзін «віліс». Палкоўнік таропка абтрасае ад снегу бекешу, а я, абыякавы да ўсяго, брыду сабе, куды пайшлі нашы. Мяне ўжо не трымаюць: не да мяне. Неўзабаве чую, як генерал пачынае бэсціць палкоўніка:

  – Што ў вас тут робіцца? Пачаму дарога не перакрыта? Пачаму не выкананы загад аб перадачы ІПТАПа?1 Разгільдзяйства і галавацяпства! Я адхіляю вас ад камандавання...