Мертвым не балиць, частка 2

  Да нас падбягае немец. Ён кідаецца мне памагаць. Дрыготкімі рукамі я прыўзнімаю яе ногі. Але што з імі рабіць? Кроў ліецца па маіх руках, у рукавы, на шынель. Немец таксама занепакоена мітусіцца і лапоча:

  

  Ён совае мне вузенькі раменьчык, і я разумею: трэба накласці жгут. Каця, усё сцяўшы зубы і душачы стогн, закідвае голаў. Але маўчыць. Яе твар увачавідкі бялее і хутка пакрываецца дробненькім высыпам поту.

  Мітуслівымі рухамі азяблых рук я з усяе сілы перацягваю над каленам тое, што засталося ад яе нагі. Немец тым часам адшпільвае рэмень ад майго карабіна. Гэтым рэменем мы ўдвух як-колечы абкручваем другую нагу, у валёнку. Тады я ўскідваю галаву. Насупраць, абапёршыся аб калена рукой, сагнуўшыся, стаіць Сахно.

  – Ну, ты рады? Ты рады? Ты гэтага хацеў?

  Сахно рэзка распрамляецца. Хуценька азіраецца наўкола. I маўчыць. Але я бачу, вочы яго расшыраюцца і неяк дурнеюць, трацячы свой заўсёдны выраз строгай уладарнасці. Ён разгубіўся. Але тут жа нейкім валявым намаганнем перамагае сябе і зноў робіцца ранейшым – суровым і патрабавальным.

  – Замаўчы! – з ціхім шаленствам крычыць ён і загадвае: – Бяры Кацю! Жыва!

  Я азіраюся. Ну, вядома, трэба ўцякаць. Два выбухі на мінным полі наўрад ці засталіся незаўважанымі. I я падпарадкоўваюся Сахно, ужо ведаючы: на міны мы болей не пойдзем. Абапёршыся на карабін, я ўстаю і нагінаюся. Сахно з немцам узвальваюць на мяне абмяклае цела Каці. Затым яны падбягаюць да Юркі, які, пакорлівы лёсу, цярпліва ляжыць на снезе. Яго бярэ на сябе Сахно. Я не зусім разумею, што ён удумаў. Відаць, не разумее гэтага і немец, якому капітан нешта з надрывам тлумачыць.

  Урэшце, відаць, даўмеўшыся, немец улегцы адбягае на паўсотні крокаў і азіраецца. Па ягоных слядах марудна рушыць Сахно. За ім, абапіраючыся на карабін, – я.

  Па неглыбокай нізінцы мы брыдзем назад, да чыгункі.

  

  ––––––––––––

  1 Жгут! Жгут! (ням.)

  

  

  Але за чыгункай па шашы едуць немцы.

  Мы іх не бачым за насыпам, аднак яшчэ здалёк чуем – мноства машын бясконца тарахціць, гудзе, вые маторамі, сігналіць – імкне з Кіраваграда. Яны адступаюць. Але куды дзецца нам?

  На шчасце ці на бяду, нас прытуляе труба.

  Мы ўпаўзаем у яе бетонны тунель і знясілена падаем у самым пачатку. Труба шырокая, амаль у рост чалавека. У доле пласт спрасаванага снегу. Дужа ветрана і сцюдзёна. Але з шашы нас тут не відаць.

  Апусціўшыся на калені, я звальваю з сябе Кацю. Потым падаю сам і сутаргава аддыхваюся. Ззаду на свежанатаптаным снезе – дробныя плямы крыві. Полы майго шыняля таксама ў падмёрзлай крыві. Каця проста сцякае крывёю. Вочы яе шырока адкрыты, але зрэнкі ўвесь час падкочваюцца пад павекі. Гэта мяне палохае. Яе трэба перавязаць. Але перавязаць няма чым. Санітарную сумку мы, спяшаючыся, пакінулі ў полі, на месцы выбуху. Каб як-небудзь дапамагчы дзяўчыне, я ўшчэнт акалелымі рукамі пачынаю расшпільваць знізу яе паўшубак. Там таксама ўсё ў крыві. Але Каця чагось сціскаецца, рукамі ўпарта захінае свае полы. Вочы яе спалохана глядзяць на мяне.