Мертвым не балиць, частка 2

  Я зноў настойліва расхінаю паўшубак, але яна сціскае калені, падцягвае іх да жывата і заціскае ўсё так – нагамі і рукамі.

  Я не разумею яе і запытальна пазіраю на немца. Той, стоячы на каленях, пільна глядзіць у другі канец трубы, дзе з пісталетам у руцэ застыў Сахно. У доле ціхенька, унутрана стогне Юрка.

  – Капітан! Капітан! – сцішана клічу я.

  Каця раптам пачынае тузацца і матляць галавой – не трэба! Здаецца, я разумею правільна. Але гэта ўжо чорт ведае што!

  – Перавязаць трэба! – кажу я. – Ану, пусці рукі!

  Прыгнуўшыся, па трубе прабіраецца Сахно. Каця яшчэ болей сціскаецца і дрыжыць усім целам.

  – Вось не даецца! Што рабіць?

  – Да? – пазіраючы на выхад, няўцямна перапытвае Сахно.

  Каця расслабляецца. Шэры цень атуляе яе нядаўна яшчэ чырванашчокі твар. I тут я разумею: яна памрэ! Але гэта дзіка, гэта жахліва! Гэта злачынна і ненатуральна: чаму гіне дзяўчына, калі мы, трое мужчын і салдат, застаёмся жывыя?

  – Каця! Каця! Што ж ты робіш? – пачынаю я недарэчна папракаць яе. – Ты што – саромеешся?

  Каця перарывіста і цяжка дыхае і моўчкі глядзіць на мяне. Здаецца, яна чуе, толькі гаварыць чамусьці не можа. Пасля позірк яе сунецца кудысьці ўбок і спыняецца на немцу.

  У мяне з’яўляецца здагадка.

  – Ён? Так? Хай ён перавяжа? Так?

  Каця не пратэстуе, толькі неяк працягла выдыхае і расслабляецца. Вочы яе паволі заплюшчваюцца. Я не ведаю, ці гэта згода, ці мо сілы назусім пакідаюць яе. Амаль спалохана я гукаю немца:

  – Ком! Перавязаць! Бінтаваць. Фарштэйн?

  – Я, я.

  Немец пачынае таропка расшпільваць яе шматлікую вопратку, – паўшубак, ватныя штаны, – адхінае скрываўленае, пабітае асколкамі шмаццё. Каця ціха ляжыць, абыякавая да яго дотыкаў, і я пачынаю памагаць яму. Удвух мы бессаромна раскрываем Каціна цела – маладое, акрываўленае, усё ў ранах дзявочае цела, якому ўжо не ачуняць. Гэта я бачу адразу. З першага позірку. I я не магу прымірыцца з недарэчнаю гэтай смерцю. Толькі што я магу зрабіць?

  Зрэшты, прыняць смерць тут, напэўна, давядзецца ўсім.

  Мы яшчэ не заканчваем перавязку, калі недзе паблізу раздаюцца нямецкія галасы. Сахно з пісталетам у руцэ адразу кідаецца ў дальні канец трубы. Адхіснуўшыся ад Каці, я хапаю ўтаптаны ў снег карабін і падаюся туды ж. Ззаду спрабуе прыўзняцца Юрка.

  Угнуўшы галовы, мы прыхінаемся спінамі да настылага бетону трубы і слухаем. Я паціху знімаю затвор з ахоўніка. Раз за разам азіраюся на другі выхад. Там, аднак, пуста. Юрка трымае ў кулаку пісталет і не зводзіць з нас поўнага трывогі позірку. Яго вочы рэзка гараць на блеклым, нейкім ужо не юначым, вельмі засяроджаным на чымсьці сваім твары. Немец у нязручнай паставе насцярожана чакае ля Каці.

  Галасы недзе блізка змаўкаюць. Настае цішыня, у якой натужна гудзе, грукаціць шаша. Сахно ціхенька выглядвае з трубы і тут жа рэзка адскоквае. Адразу ж зусім блізка чуецца: