Мертвым не балиць, частка 2

– Вэн вір дзіс цум абэнд фон дэн панцыр ніхт цэркутшт вэрдэн зо шлюфэн вір1.

  I адказ крыху далей:

  – Міт дэн обэрстэн дон Маер дурх. Ер швінгст унс лебендзіг абэр тот дацу2.

  Гэта зусім кепска. Яны ля самага насыпу. На дарозе, чуваць, бразгаюць дзверцы кабіны, значыць, машыны стаяць. Але іншыя ідуць. Напэўна, спынілася некалькі. Для чаго?

  I раптам мяне прымушае зжахнуцца немец. Наш немец. Яго твар напружана выцягваецца, у вачах не то страх, не то якая рашучасць. Рукі далонямі на снезе, як у спрынтэра на старце. Глядзі, кінецца наўцёк. Я крута павяртаю карабін.

  – Хальт!

  Немец, няўцямна ўслухоўваючыся, кідае на мяне боязны позірк і апускаецца. Ногі яго расслабляюцца. Чорт, пэўна, яго трэба б прыстрэліць... Ды страляць нельга.

  I тут усё адтуль жа, ад насыпу, далятае новы гук – слабенькі бразгат салдацкае спражкі. Аглушаны крыўднай здагадкай, я асцярожна выглядваю. Так і ёсць. Зрабіўшы сваю справу ў кювеце, два немцы таропка ідуць да шашы. На хаду зашпільваюць амуніцыю. Яны абвешаны шпулькамі з кабелем. Пэўна, знімалі сувязь.

  Раптоўна страціўшы сілы і хістаючыся, я паўзу да Каці. Ля яе падаю ў снег. Пасля, саўладаўшы са сваімі пачуццямі, узнімаю галаву. Каця памірае. Я ведаю, як паміраюць людзі, і, бадай, не памыляюся. Яна напружваецца, тузаецца, выдыхае. Галава яе цяжка перакочваецца на разматляных русых валасах. Вочы напаўадкрыты. Рукой яна разы два махае ля твару, нібы адганяе мух. I раптам кажа:

  – Адыдзі. Не цямні.

  Мяне гэта здзіўляе. Так цвяроза і так выразна! Міжвольна я азіраюся. Хто цямніць? Я? Ці немец? А яна зноў кажа:

  – Міця! Міценька! Цёмна вельмі...

  – Каця!

  Але яна выдыхае і сцішваецца. Вочы яе спыняюцца на чымсьці ўгары і гаснуць. Абапёршыся на руку, я сяджу побач. З другога боку сядзіць немец. Твар у яго скамянеў. Ён увесь у слыху. I не дзіва: праз дзвесце метраў свае. Ён можа закрычаць, і тады нас усіх схопяць. Але ён не крычыць. Мне нават здаецца, што ён не меней за нас баіцца.

  А мне ўжо, бадай, нічога і не страшна. Смерць Каці мяне ашаламляе. Колькі ўжо загінула на маіх вачах – знаёмых і невядомых, але я ніколі не раскісаў так. Мо таму, што яны былі мужчыны і саддаты. Як-ніяк я быў падрыхтаваны да думкі, што яны могуць загінуць. Смерць на вайне – рэч дужа звычайная. Але чаму памірае гэта дзяўчына? Хто яе паслаў на вайну і чаму? Хіба сама папрасілася? Але што яна ведала аб ёй? Тое, што пісалі газеты: гераізм, патрыятызм. А памірае ў нейкай трубе, па недарэчным выпадку расшкуматаная мінай. I мы не можам ёй памагчы. Ды і навошта яна тут? Хіба ў нас мала мужчын? На перадавой, у тылах, у краіне наогул? На кожны дзесятак у ланцугу – добрая сотня ў бліжніх тылах. I якіх мужчын! Дужых, пісьменных, свядомых.

  – Дакументы забралі? – пытаецца Сахно і ўкленчвае побач.

  Я не адказваю. Каму што, а гэтаму найперш – дакументы. Яму галоўнае – выканаць фармальнасць. Дакументы – вайсковая тайна. Яна не павінна трапіць да ворага. Але што ў тых дакументах? I каму яны цяпер патрэбны? Яе жыцця ён не бярог, а пра нейкія паперкі столькі клопату...