Мертвым не балиць, частка 2

  Сахно тым часам запускае руку пад Кацін паўшубак і доўга там шарыць. Я на яго не гляджу. Без злосці я не магу бачыць гэта. Добра, што яна мёртвая і ёй усё роўна. А была б жывая, напэўна стала б у гэтага капітана бітая морда...

  Дастаўшы з нагруднай кішэні чырвонаармейскую кніжку, Сахно зазірае ў яе.

  – Шчарбенка Кацярына Іванаўна. Вядомае прозвішча, – са з’едлівай ухмылкай паведамляе ён.

  Я напружваю памяць. Сапраўды, прозвішча і мне здаецца знаёмым. Толькі дзе я яго чуў? Я запытальна гляджу на Сахно. Той запіхвае ў кішэню яе дакументы і заўважае мой позірк.

  – Не прыпамінаеце? Пэпэжэ камбата Маскалёва. З дзевяноста дзевятага, – кажа ён і ідзе ў той канец трубы. – Загад па дывізіі быў.

  Падобна на тое, што гэта яго забаўляе. Што яна пэпэжэ і што быў загад наконт яе недазволеных адносін з камбатам Маскалёвым. Ён рады, што хоць пасля смерці знайшоў, чым папікнуць яе.

  – Ну і што? – ледзьве стрымліваючы сябе, пытаюся я.

  Сахно, азірнуўшыся, бліскае з-пад броваў сваім праніклівым позіркам, і я зрываюся:

  – Ну і што? Калі і пэпэжэ? Ну і што?

  – Замаўчыце! Вы што – ачумелі?

  Ён знерухомлівае, утуліўшы голаў, і ўнутры ў мяне ўсё ападае. Я ледзьве валодаю сабой. Пэўна, ён мяне давядзе да шаленства. Я не магу яго бачыць... Дзіва, якія мы розныя людзі! Афіцэры адной арміі. Грамадзяне адной краіны. Чорт яго ведае, чаму так? Чаму суседства вось гэтага лакеяватага немца мне лягчэй стрываць, чым яго?

  А немец тым часам устае і ідзе да Сахно. Я ўжо заўважыў, што з нядаўняга часу ён наогул стараецца трымацца бліжэй да капітана. Мной ён быццам ужо і грэбуе. Жэстыкулюючы кастлявымі рукамі, ён кажа нейкую доўгую фразу. Сахно пасуровелымі вачыма няўцямна ўстаўляецца ў яго і ўзмахвае пісталетам.

  – Ану, назад! Назад!

  Немец адступае, але ўсё яшчэ нешта стараецца давесці капітану. Той, вядома, не разумее, але насцярожваецца.

  – Што ён кажа? – упаўголаса пытаецца ён у мяне.

  – Ён жа вам кажа. Вось вы і зразумейце.

  Капітан хмурыцца.

  – Ну, ведаеш!.. Я інстытутаў не канчаў. Гэтай брыдоце не вучыўся.

  Вядома, гэтай «брыдоце» ён не вучыўся. Чаму ён наогул вучыўся? У школе я таксама не захапляўся нямецкай мовай, але гора і вайна ўсяму навучаць. Некалькі слоў з фразы немца я ўсё ж разумею, пра астатнія здагадваюся. Немец даводзіць, што трэба некуды ўцякаць, бо калі пачнецца штурмоўка (шляхтангрыф), дык салдаты (лёс рэннен дэцкунг) – пабягуць сюды, у сховішча.

  Гэта падобна на праўду. Але хай пачынаецца штурмоўка. Дрэнна, калі штурмавікі не наляцяць і калона прарвецца з Кіраваграда. А можа, і добра. Прынамсі, для нас, Чорт ведае што, робіцца ў маёй галаве. Я ўжо не магу разабрацца, што добра, а што дрэнна.

  Немец нявесела вяртаецца ад капітана і моўчкі садзіцца ля Юркі.

  – Вось наляцяць «ІЛы» і зробяць з вас мясакамбінат! – не хаваючы свае злосці, кажу я немцу.