Мертвым не балиць, частка 2

Той, нечакана згаджаючыся, ківае галавой:

  – Я, я.

  Гэта мяне злуе яшчэ больш. Скажы, якая пакорлівасць! Можа, гэты фрыц зараз скажа, што ён камуніст? Што з калыскі быў супраць Гітлера? Бывала ж такое. Сорак чацвёрты – не сорак першы. Самыя гарачыя нацысцкія галовы паспелі ўжо прастыць.

  

  Немец, здаецца, разумее, але моршчыцца і ціха сам сабе бармоча:

  – Вір зінд аіфахе зольдатэн! Дэр крыг іст фюр генерале унд дэн фюрэр4.

  Гэта іх песня мне ўжо знаёмая.

  – Ах, фюрэр? А самі? Самі што вы робіце? Палонных дабіваць таксама вас фюрэр прымушае? Пасылкі з нарабаваным у Германію пасылаеце таксама па загаду фюрэра? Вунь цэлы эшалон у Знаменцы застаўся! Фюрэр дазваляе, вось вы і рады. Вам выгадны такі фюрэр. Ён заахвочвае на злачынствы: біце, хапайце – вы і гатовы! Фюрэр за ўсё адказвае, а вы вядома айнфахермэнш? Вы не разумееце. З вас узяткі гладкі. Так?

  Немец уздыхае. Нечым ён заклапочаны ці, можа, адчувае маю шалёнасць і пабойваецца. I ён сядзіць так, надзьмуўшыся, у нашым пакамечаным шынялі паверх свайго шырокага ў каўняры мундзіра. Казыркастая яго шапка перакруцілася набок. Уздыхнуўшы, ён пагаджаецца:

  – Я, я. Айнфахермэнш!

  – Што ён кажа? – зноў пытаецца здаля Сахно.

  – Кажа, што ён маленькі чалавек. Ні ў чым не вінаваты.

  – Задушыць яго трэба, – проста вырашае капітан.

  Я не пярэчу. Урэшце, чорт з ім: хай душыць! Цяпер мне яго не шкада. У мяне столькі накіпела ў гэтыя дні за Юрку, за сябе, за ўсіх хлопцаў, якія ўжо ніколі не ўстануць са снегу. I асабліва цяпер вось за Кацю... Толькі без немца мы, бадай, не ўправімся з Юркам. Сахно аднарукі, я, лічы, аднаногі. А калі давядзецца ўцякаць? Не, мабыць, немца трэба пакінуць. Ды і чым ён можа нам перашкодзіць? Здаецца, да сваіх ён не дужа рвецца.

  Аднак я маўчу, пачынаючы думаць пра іншае. Мабыць, будзе шчасцем, калі мы тут праседзім да ночы. Уночы мы, можа, і вырваліся б, а ў дзень то наўрад. Хіба што адкуль-небудзь з’явяцца нашы. Я прыслухоўваюся: здаецца, на дарозе пацішэла. Можа, калона прайшла? Цяпер бы не рушыла пяхота... З ёй будзе куды як горш.

  Сахно тым часам разраджае пісталет. У яго, бачу, нейкая няспраўнасць з магазінам. Заціснуўшы між каленяў рукаятку, капітан аднаруч ладзіць яго. А я паныла сяджу ля Каці. Яна ўжо, мабыць, застыла. Выцягшыся ў доле, сінее васковым тварам мой Юрка. Тут усё ж моцна холадна, у гэтай праклятай трубе.

  – Васілевіч! – сцішана гукае Сахно і змаўкае, ці то прыслухоўваючыся, ці то штось абдумваючы. – Злазь на насып і паназірай. А то яшчэ накрыюць, як куранят.

  Вельмі не хочацца ўставаць, але мусіш. Прыхапіўшы карабін, я неахвотна вылажу з трубы. Сонечная яркасць стэпу асляпляе. Ва ўпор высвечаны сонцам, блішчыць шырокі адхон насыпу. Збоч ад яго з-за далёкага пагорка вытыркаюцца стрэхі будынін. Там нейкае сяло. Раптам у мяне з’яўляецца думка: а што, калі па-за насыпам пракрасціся туды і схавацца? Калі там няма немцаў? Толькі вось Юрка...

  Перш чым лезці на насып, я кажу ў трубу: