Мертвым не балиць, частка 2

  – Немца пакуль не чапайце. Спатрэбіцца.

  Сахно азіраецца, але не адказвае.

  

  ––––––––––––

  1 Калі нас да вечара не раздушаць танкі, то праскочым. (ням.)

  2 З оберстам Майерам праскочым. Ён нас прымусіць, жывых ці

  мёртвых. (ням.)

  3 Чаму вы не здаяцеся ў палон? (ням.)

  4 Мы простыя салдаты. Вайну робяць генералы і фюрэр. (ням.)

  

  

  Прысыпаны снегам, адхон шархаціць пад локцямі леташняй, жорсткай ад марозу травой. Пругка б’е ў твар сіверкі вецер. Ногі слізгаюць, і я, упіраючыся рукамі і каленямі, лезу ўгору. Ззаду ляжыць міннае поле з курганамі і доўгай крывулякай нашых слядоў. Я туды, аднак, не гляджу – я адчуваю яго спіной. Апантаная спроба Сахно абхітрыць смерць абышлася нам дужа дорага і найбольшым страхам прадаўжае жыць у маёй душы.

  На броўцы я прыпыняюся і па чарзе пазіраю ў абодва канцы чыгункі. Здаецца, на палатне – нікога. Тады, набраўшыся асцярогі, прыпаднімаюся і коратка выглядваю з-за шырокай прамазучанай рэйкі.

  О, шаша аж гудзіць ад руху – цяпер, праўда, па ёй пруць абозы. Нямецкія фуры, адкрытыя і пад брызентам, двухколкі, кухні, нейкія падводы, з каптурам накладзеныя дабром і ўвязаныя вяроўкамі. Дзве шэрыя легкавыя машыны, раз-пораз сігналячы, марудна пракладваюць сабе шлях па ўзбочыне. Трухаюць, іржуць, бразгаюць цуглямі коні.

  Добра, што ад чыгункі да шашы не дужа блізка, а то б яны ўжо дабраліся да нас.

  Трохі паўзіраўшыся, я, аднак, неўзабаве хаваю сваю аббінтаваную галаву. У душы горкая радасць ад таго, што я іх бачу, а яны мяне не. Хоць гэтыя абознікі зусім не глядзяць па баках, мабыць, ім цяпер не да навакольных краявідаў. Ім абы вырвацца з катла, калі застаўся праход.

  Зноў высоўваюся, здзіўлены нейкімі крыкамі, і зараз жа заміраю ў цікаўнасці. Дзіва што: на шашы б’юцца. Адна фурманка заварочвае ўпоперак руху. Нейкі немец у кароткім шыняльку хапае за цуглі коней. Таўстазадыя вялізныя біцюгі высока ўскідваюць свае галовы. Ён б’е іх знізу кулаком па мордах. Але да яго тут жа саскоквае з фурманкі ездавы, і вось на шашы – крыкі, саддацкая лаянка. Той, што ў кароткім шынялі, дае ездавому па вуху, ездавы хапае праціўніка за грудкі. Некалькі падвод спыняюцца, некалькі спрабуюць аб’ехаць іх. Здаецца, восьвось будзе пробка. Гэта здорава, думаю я і пазіраю ў неба: вось бы цяпер самалёты! На жаль, самалётаў няма, толькі ззаду, за курганамі, невысока кружыцца «рама». Ну, але і так няблага: не кожны дзень даводзіцца бачыць, як б’юцца паміж сабой немцы.

  Праўда, яны не спраўляюцца як мае быць надаваць адзін аднаму, як між фурманак з’яўляецца коннік. Ладна седзячы ў новенькім жоўтым сядле, ён без лішніх слоў размахваецца з-за пляча бізуном і чыніць хуткую расправу над абодвума. Гэта дзейнічае куды як здорава. Той, у кароценькім шынялі, адразу кудысьці знікае, а ездавы, лаючыся «фэрфлюхтарам» і «швайнам», пачынае зварочваць з узбочыны фурманку.

  I тут я скаланаюся, працяты спалохам: ад будкі па лініі ідуць немцы. Яны ўжо блізка і напэўна заўважылі мяне. Крутнуўшыся па мёрзлай жарстве, я ніцма сунуся па адхоне да самай трубы. Над трубой, разрыўшы ботам снег, на секунду затрымліваюся. Немцы ідуць па другім баку лініі. Мне відаць толькі вінтовачныя ствалы на плячах ды адна каска ў пярэдняга. Мозг пранізвае пытанне: заўважылі ці не? Калі заўважылі, тады ўсё скончана: трэба страляць. Трэба біцца і загінуць. Бо магчымасці ўратавацца ў нас амаль што няма. Але свядомасць прагне надзеі – а можа?.. А можа, не згледзелі?