Мертвым не балиць, частка 2

  I раптам да майго слыху, бы з іншага свету, даносяцца з трубы галасы. Спачатку я не цямлю іх сэнсу – я толькі калачуся ад напружанасці, да сутаргі сціскаю ў руцэ карабін: цішэй вы! Потым да слыху даносяцца словы, якія збіваюць мяне з панталыку.

  – Лёнька! Лёнь!..

  Мяне заве Юрка. Яму блага? Але ж там Сахно. I сапраўды, я чую ягоны голас. Капітан раздражнёна кідае:

  – Што ты заблажыў? Ён пайшоў.

  «Я тут, Юр!.. Я не пайшоў! Чаму ён кажа: пайшоў?» – нема крычу я ў думках і грудзьмі ўціскаюся ў снег ля трубы. Галовы немцаў хаваюцца. Застаецца толькі адна – задняга. Яна на тым баку. Яшчэ трошачкі, і яны ўсе пройдуць. Яшчэ секунда...

  Але з-пад насыпу зноў прарываецца крык:

  – Васілевіч!

  I тут жа яго заглушае яшчэ болын гучны Сахноў:

  – Канчай к чортавай матары! Май мужнасць!..

  Яны ашалелі! Што яны робяць? Я ўсхопліваюся са снегу, і тут нечакана і жахліва ў трубе гахае стрэл.

  У мяне цямнее ў вачах. Здаецца, у раптоўную прорву правальваецца сэрца. Што ён нарабіў?! У каго гэта ён? У немца? У Юрку? А мо гэта палонны? Ахоплены жахам непапраўнага, я куляюся да самага долу. Ускокваю на адну нагу. У другой тупы боль, ад якога зацінае дыханне.

  На ранейшым месцы ля Юркі стаіць Сахно.

  – Што вы нарабілі? Немцы!!

  Сахно з маленькім, не сваім пісталетам пругка адскоквае ў канец трубы. Шэрым прывідам шастае кудысьці Энгель. Зачапіўшыся, я незнарок спотырч лячу цераз дзяўчыну. Падаю ледзь не на Юрку. Блізка ля майго твару яго галава. З разбітай скроні тырчыць маленькая востранькая костачка, і з-пад яе мкне чырвоны струменьчык, які хутка залівае вуха. На снезе ля пляча расплываецца-большае мокрая ружовая пляма.

  Здаецца, я вар’яцею. Я перастаю што-небудзь разумець і ўскокваю на калені. «Хто? – крычу я. – Хто яго?!» Але я не чую ўласнага голасу. I мне ніхто не адказвае. Што ж гэта робіцца? Хто ж так зрабіў? Немец?

  Я не зважаю на тых, што ўжо, мабыць, над намі, і хапаюся за карабін. Рукі мае калоцяцца. Правая не адразу знаходзіць рукаятку. У тым канцы я бачу Сахно. Прыгнуўшыся, ён абмёр з пісталетам. Чакае.

  – Хто? – крычу я на ўсё горла. Але з грудзей вырываецца чужы, задушаны хрып.

  Сахно, аднак, азіраецца і апантана махае рукой. Я ледзьве разумею яго шэпт:

  – Ціш ты! Не бачыш?

  Мусіць, сапраўды я чагосьці не бачу. Я ўпершыню кідаю на сябра трохі асэнсаваны позірк. Юрка нежывы. Перакошаны смерцю твар. Адно вока з сілаю прыплюснулася. Другое недарэчна глядзіць міма мяне некуды ў бетонную столь. З дзвюх скронь цячэ на патыліцу кроў. I тут я канчаткова разумею, што сталася. Ён застрэліўся.

  - Юрка!!

  Гэта апошні мой крык. У ім – уся мая роспач. Мой гаеў і жах. У наступную секунду, нібы пярун з неба, моцна бахае ў трубе стрэл. Знадворку шалёна пырскае аўтаматная чарга. Я ўскідваю карабін. Сахно ў тым канцы чамусьці крута ўгінаецца і падае. Там, дзе ён стаяў, аб бетонную сцяну апантана ляскае нешта круглае і адскоквае да другой насупраць. Граната! Я падаю галавой да Юркі. Грымотны выбух скаланае насып.