Мертвым не балиць, частка 2

  Аглушаны, я некалькі бясконцых секунд нічога не адчуваю. Усё ў трубе паглынае гарачы, удушлівы смерч. Лёгкія захлынаюцца ад снегу, пылу і прарэзлівага смуроду серы. У шэрай непрагляднасці – віхор. Затым неяк раптам чую, як пякучы боль абцугамі хапае калена. I ўсё болылае, расцякаецца па назе. I ахоплівае яе ўсю, ад сцягна да мезенца. Бедная нешчаслівіца, мая нага! Здаецца, яе даканалі. Ад болю я не магу паварушыцца і мычу, сцяўшы зубы.

  Снегавая віхура тым часам цішэе. Я прыўзнімаю галаву. У роце снег і пясок. У вушах і ў руках таксама. Я лапаю навокал рукамі. На пальцах цёплая, ліпкая макрэдзь. Гэта ад Юркі. Мабыць, яго расшкуматала гранатай. Побач чыясьці нага ў валёнку... Дзе мой карабін? Робіцца трошкі відней. З’яўляецца ніз і верх. Насупраць закапцелы і абдзёрты бок трубы. I светлы круг недалёкай адтуліны. I раптам у гэтай пляме – нерухомы цень. Адстаўлены ў бок локаць. Тонкі, як шчупальца асьмінога, аўтаматны ствол. Немец!

  Нешта ва мне падломваецца, і я выцягваюся на снезе. Жахлівасць становішча ўжо не ўспрымаецца. Яна туманіцца ў свядомасці, і я кепска разумею, што адбываецца. Успрыняцце затарможваецца ў нейкім бязвольным трансе. Маё цела – камяк ваты, працяты болем. Галава таксама напхана ватай. Ні намеру, ні жадання, ні думкі. Нешта салёнае падступае да горла. Інстынктыўна я сплёўваю на снег. Кроў.

  Цень тым часам, прыгнуўшыся, шырока і нячутна сігае бліжэй. Я ляжу на спіне і ашаломлена гляджу на яе. Я бачу толькі сілуэт. Знаёмы і безаблічны, як, бывала, зялёная мішэнь на стрэльбішчы. Ступіўшы крокі чатыры, ён углядаецца ў Кацю. Ён страшэнна палахлівы і смелы адначасна, гэты прывід. Ён нібы самнамбула. Ачынаецца ён, калі ззаду з’яўляюцца яшчэ двое. Тады ён скідвае з сябе скутасць і зусім па-зямному крычыць:

  

  I са злоснай рашучасцю падчэплівае нагой цела Каці. Яно падатліва перакочваецца на бок спіной да святла. Рассыпаюцца па снезе яе валасы. Адна рука ненатуральна заломваецца за спіну. Двое нахіляюцца над целам дзяўчыны. Першага, аднак, цягне далей, і ён, паўглядаўшыся, пераступае цераз адзіную Каціну нагу. I тут раптам сустракае мой позірк.

  

  Ён апантана адскоквае назад. Аднак, тут жа асмялеўшы, ён рашуча сігае наперад і тыцкае мне ў твар аўтаматам. Надзіва, я ніколечкі не баюся. Памалу да мяне вяртаецца адчуванне рэальнасці. Краем свядомасці я саркастычна ўсміхаюся: баіцца! Каб ведаў, не баяўся б. Я не магу ўжо забіць яго. Не магу ўцячы. Я не магу нічога. I не хачу. Жыць не хачу таксама. Хочаш – страляй! Чорт з табой! У мяне ўсё парахнее ад болю і не стае сілы ўсё гэта трываць. Ды і няма для чаго. Забівай хутчэй...

  Аднак ён не забівае.

  – Рус! Ауфштэген! Бістро!

  Ля мяне ўжо ўсе трое. Адзін коратка і балюча б’е ствалом карабіна ў плячо. Я напружваюся і прыўстаю на руках. Далей не дае боль. Ды і не варта старацца. Усё роўна заб’юць. Я ж ведаю. Дык хай забіваюць адразу. I яны, ашчэрыўшы тры нялюдскія твары, са сцюдзёнаю лютасцю глядзяць на мяне. Потым адзін з іх кідае позірк на Юрку. Нейкімі смярдзючымі ботамі ён пераступае цераз мяне і нагінаецца да нябожчыка. Бакавым зрокам я бачу, як ён шарыць у Юркавых кішэнях, нешта дастае і кідае ў трубу. Пасля падбірае з долу адкінуты выбухам карабін. Чорны мой карабін зноў вяртаецца да сваіх гаспадароў – немцаў.