Мертвым не балиць, частка 2

  Трэці раз яны ўжо не камандуюць. Яны хапаюць мяне за рукі і рыўком, як мерцвяка, валакуць з трубы. Я разумею, што ўсё ўжо скончана. Ад болю, сонечнага святла, а найбольш ад невымоўнае крыўды я зажмурваюся. Які недарэчны, люты канец. I менавіта тады, калі менш за ўсё да яго рыхтаваўся. Аказваецца, вось дзе ён быў – апошні мой Сталінград! Выйграны фронтам, краінай і назаўжды і непапраўна прайграны мной.

  Неўзабаве, аднак, мяне балюча кідаюць на мулкія пад снегам камякі зямлі. Чыясьці рука расшпільвае на шынялі мой трафейны афіцэрскі рэмень з жоўтай скуры. Лапае зверху па кішэнях штаноў. Я аслабела расплюшчваю вочы і паміж нечых расстаўленых ног непадалёк бачу Сахно. Ён стаіць насупраць у гімнасцёрцы, без дзягі. З ордэнам Айчыннай вайны на грудзях. Почапку яго, відаць, адабралі, і забінтаваную ў локці руку ён прытульвае да жывата. Ягоны нахмураны позірк разгублена бегае па немцах. Выгляд нейкі аглушаны. Напэўна, капітан не ведае, чаго ад іх чакаць, і прыкметна пабойваецца. Кароткае здзіўленне ад таго, што і ён у палоне, на момант заглушае мой боль. Як жа гэта ён не застрэліўся? Ён жа павінен застрэліцца. Ён жа не мог здацца ў палон.

  Я чагосьці не магу зразумець. Вельмі баліць нага. Ад болю і слабасці мутнее свядомасць. Да горла ўвесь час падкочваецца камяк і блажыць. Немцы таксама маўчаць. Маўчаць тыя двое, што перамаглі мяне ў гэтай вайне і вывалаклі з трубы. Цяпер я добра бачу іх перад сабой. Адзін увесь нейкі дужа руды – рудое шчацінне на шчоках, рудыя бровы, рудыя, аж залацістыя павекі. Цераз плячо ў яго на непадпяразаны шынель надзета трыбухатая сумка з прывязаным да яе кацялком. Другі маладзейшы, амаль мне равеснік, з прышчакаватым тварам і ў акулярах, чорнымі шнуркамі прымацаваных да вушэй. Крыху далей ад іх стаіць яшчэ адзін камлюкаваты дужак у доўгім шынялі і касцы. Флегматычны твар яго ледзьве прыкметна крывіцца, кабура парабелума на жываце засцярожліва расшпілена. Мне здаецца, што ён тут галоўны. За ягонай спіной стаяць і чакаюць яшчэ некалькі салдат. Ніхто з іх на мяне чамусьці не звяртае ўвагі.

  Спакутаваны болем і душэўна распяты, я не адразу цямлю, чаго яны ўсе маўчаць. Аднак нейкі цень, што варушыцца побач на снезе, прымушае мяне павярнуць галаву. I тады я бачу ззаду за сабой Энгеля, пра якога ўжо забыўся. Няспрытнымі рукамі ён спрабуе расшпіліць на сабе шынель. Але, відаць, застыглыя на марозе пальцы не могуць саўладаць з незвыклымі для іх кручкамі рускага шыняля. Твар у яго мае нейкі напалоханы і вінаваты выраз, і мне раптам здаецца, што яны збіраюцца яго расстраляць. Афіцэр з-пад сурова сцятых броваў з нядобрай цярплівасцю сочыць за ім. Пасля робіць тры крокі наперад і, акуратна размахнуўшыся, коратка пляскае два разы па абедзвюх ягоных шчоках. Энгель трывае гэта, не варухнуўшыся, як заслужанае. Урэшце, з сілаю тузануўшы палу, выдзірае кручок і торапка скідвае з сябе шынель. Прышчаваты ў акулярах падчэплівае яе канцом карабіна і шпурляе далей у снег. Тонкія яго вусны крывяцца ў гідлівасці, пібы ён адкінуў якую падлу.

  Здаецца, тое, што замінала ім, скончылася. Я на хвіліну расслабляюся ад непадуладнага мне напружання і перастаю іх бачыць. Чуваць толькі, як афіцэр, выразна вымаўляючы кожнае слова, лаецца і штосьці загадвае. Салдаты, бразгаючы пражкамі, бяруць з долу нейкія цяжкія зялёныя скрынкі на почапках (мусіць, якія прыборы). Парыпвае снег, да мяне хтосьці падыходзіць. Вялікім намаганнем я зноў расплюшчваю вочы. Побач стаіць Энгель. Цяпер ён зноў у сваім мундзірчыку з абвіслымі пустымі кішэнямі. У яго вінаватых вачах цярплівая пакорнасць і страх. За ім нехта штурхае ў каршэнь Сахно. Капітан, мабыць, не адразу разумее, чаго ад яго хочуць. Тады рудатвары б’е яго ботам у зад, і Сахно апынаецца побач з Энгелем. Удвух з немцам яны паднімаюць мяне пад пахі. У маіх вачах раптам цямнее, і я ледзьве трымаюся, каб не страціць прытомнасць. Я вельмі не хачу застагнаць. Астатняе для мяне ўжо не мае сэнсу.