Мертвым не балиць, частка 2

  

  ––––––––––––

  1 Ота! Глянь сюды! Руская Валькірыя! (ням.)

  2 Рукі ўгору! Устаць! (ням.)

  

  

  Мабыць, з гадзіну я хаджу вакол прывакзальнай плошчы і не магу супакоіцца.

  Над горадам – глыбокая ноч. Плошча нязвыкла пустая і вялікая. Роўна і дрымотна гараць угары шары ліхтароў. Пустуюць на бульвары лаўкі. На тралейбусным супынку нікога. Пуста і на стаянцы таксі. У мяне ў падсвядомасці такое адчуванне, нібы ў свеце штось здарылася і людзі пазнікалі. Здаецца, я ведаю што, толькі не магу ўспомніць. Наогул ад перажытага сёння і ад ператомы я стаў як кантужаны. Ломіць у рамянях пратэза рэштка маёй галёнкі. Я хаджу ад ліхтара да ліхтара. Пад кожным на краі тратуара спыняюся і з асветленага лапіка ўзіраюся ў прыцемкі між дрэў. Здаецца, там хтосьці варушыцца. Я ведаю – гэта прывіды, нікога там няма, як нікога няма на тратуары, за вітрынамі зачыненых магазінаў, у ларку «Саюздруку» на рагу і тралейбусным супынку. Людзі адсутнічаюць, і пакінутыя імі на ноч рэчы працягваюць сваё пачатае ўдзень жыццё. Яны надзіва згодныя і дысцыплінаваныя, гэтыя людскія рэчы. Пакорна і ў поўным устаноўленым для іх парадку чакаюць сваіх гаспадароў. Іхняя вернасць спакою непахісная.

  Асабліва цікавыя ноччу кніжныя вітрыны. Цэлыя роты самых разнастайных выданняў. Поўны давер і шчырасць. Згода і мір. Калісьці я вельмі любіў іх разглядваць менавіта ноччу. Уначы яны выглядаюць зусім інакш, чым удзень. Кнігі ноччу, як разумныя людзі ў жыцці. Кожная ў сабе. З усіх чатырох шкляных сцен ларка яны глядзяць на мяне са сцішанай глыбакадумнасцю мудрацоў. У кожнай канцэнтрацыя розуму, эмоцый, сведчанне эпох і вопыту. I ні ў адной – таго, што баліць у мяне. Яны глухія да маіх боляў, бо кожная з іх поўна сваіх. Яны толькі сведчаць пра тое, што адбалела і памерла ў эмацыянальнай памяці чалавецтва. Але хіба тым самым яны не даюць нам самы надзённы ўрок? Праз гушчы стагоддзяў, галовы пакаленняў іх чалавечая мудрасць перакідвае свой мост у будучыню. Яны сведчаць кожная аб сваім вопыце і засцерагаюць ад мноства памылак у спрадвечнай барацьбе са злом.

  – Каторая гадзіна – не скажаце?

  Я да агіды палахліва здрыгаюся і не адразу разумею, што гэта вартаўніца. Захінутая ў грубы брызентавы плашч цётка падазрона пазірае на мяне. Чагосьці чакае. Ах, часу! Я зазіраю на гадзіннік – палова чацвёртай.

  Цётка не адыходзіць, а прысланяецца да жалезнага прэнта ля шкла і пазяхае. Я памалу іду далей. У грудзях марудна сціхаючы, усё яшчэ тахкае сэрца.

  Трэба супакоіцца. Пара супакоіцца. Нічога, па сутнасці, не здарылася. Гнаўся за адным нягоднікам, трапіў на другога. Ну і што ж! Хіба іх усяго двое на свеце? Колькі іх сустракалася раней і, відаць, яшчэ сустрэнецца ў будучым. Пратакол? Глупства, што мне пратакол! Папалохаюць – не болей. Што яны з мяне возьмуць? Мабыць, не пасадзяць...

  Як бы там ні было, я ні аб чым не шкадую і ні ў чым не каюся. Праўда, я не перамог. Ён пайшоў не зламаны і нават не абяззброены. Упартай упэўненасці яго ў сваёй невіноўнасці, відаць, хопіць на ўсё жыццё. Гэты не з тых, хто хварэе ад апёкаў сумлення. Калі, можа, і было ў яго некалі гэта сумленне, дык з гадамі ад яго мала што і засталося. Усе жыццёвыя здольнасці гэтага чалавека развіваліся толькі ў напрамку прыстасавальніцтва. Валявы пачатак задушыў усе астатнія. Жыццёвым прынцыпам для яго стала сіла. У каго сіла, таму не патрэбна праўда. Гэты канёк няблага вывозіў яго ў жыцці. I пакаўзнуўся ён хіба што ў пяцідзесятыя гады. Але і цяпер такія не трацяць подленькай надзеі на зварот да ранейшага. Бач ты яго, разышоўся ў гневе! Ужо з дзвярэй крычаў міліцыянерам: «Распусцілі народ! Дэмакратыю развялі! Вопытных работнікаў шальмуеце. Чакайце! Прыпячэ – паклічаце!»