Мертвым не балиць, частка 2

  Аказваецца, ён сам не выканаў загад, таму так і накінуўся на нас. Але мы не можам замяніць сабой супрацьтанкавы полк. Мы не здольны загладзіць яго разгільдзяйства. Мы можам толькі загінуць. Аднак мы ўжо зрабілі нешта даволі значнае, да чаго не мае адносін гэты палкоўнік. I гэта дае нам права не падпарадкавацца. Не зусім усвядомлена яшчэ я адчуваю непахіснасць нашай праваты ў гэтым канфлікце.

  Я бачу наперадзе, як нейкі баец з забінтаванай рукой аб чымсь пытае другога, сустрэчнага, і той паказвае яму ўздоўж вуліцы. Няцяжка здагадацца, што яны маюць на ўвазе. Я іду за гэтым, перавязаным, стараючыся не ўпусціць яго з вачэй. Тым болей што ўжо цямнее. Сонца на небе ўжо няма, і між хат туліцца вечаровы паўзмрок. Проста дзіўна, як хутка скончыўся дзень, які там, на пагорку, здаваўся бясконца доўгім. Танкі ў другім канцы сяла кудысьці адыходзяць. Цяпер страляніна і скогат балванак чуваць за пагоркам у стэпе. Там жа дым – ці то ад таго, падпаленага капітанам, ці мо ўжо ад новага. А можа, і нашага – магчыма і такое...

  Ранейшыя перажыванні меншаюць, і мяне ўсё болей агортвае непакой за Юрку – ці жывы хоць? Няўжо не выжыве, сканае цяпер, калі цудам выбраліся з самага пекла. А цяпер нашыя танкі, мусіць, немцаў сюды ўжо не пусцяць. Тым болей калі з’явіўся генерал. Пэўна, ён навядзе парадак. Так я мяркую, шкандыбаючы па вуліцы. Дакладней, мне хочацца, каб было так. Я страшэнна змораны, пачуцці мае адранцвелі. Адзінае жаданне валодае мной – прыбіцца дзе-небудзь да цяпла і прылегчы...

  Баец наперадзе зварочвае ў нейкую будыніну з абведзенымі сінім вокнамі. Гэта нейкі нежылы дом пад бляхаю, з высокім ганкам, мусіць, які былы сельсавет або ўправа. Неўзабаве з дапамогай свайго кастыля-карабіна дакульгваю туды і я. Скрыпучыя дзверы неахвотна адчыняюцца, прапускаючы мяне ў цемру.

  ––––––––––––

  1 Знішчальна-супрацьтанкавы артылерыйскі полк.

  

  

  – Ну, можа, і па трэцяй? Раз не пашанцавала з гасцініцай, дык хоць вып’ем, – расчырванеўшыся з твару і прыкметна падабрэлы, кажа Гарбацюк. – А чаму не ясі?

  – Я ем.

  – Што гэта за яда! Успомні, як, бывала, на фронце елі... Кацялок пшонкі на двух і праз хвіліну – як вылізаны. Ардынарцу і мыць не трэба.

  – Кацялок давалі на чатырох. Прынамсі, у пяхоце.

  – Ну, у пяхоце я не быў, – дабрадушна прызнаецца Гарбацюк.

  Перад намі яшчэ нешта блішчыць у графінчыку. Ён пад’еў, паўнаватыя яго шчокі сыта блішчаць, вочы жмурацца ў добрасці. Я таксама гатовы падабрэць. Урэшце, чорт з ім, з гэтым Сахно! Памыліўся – дык яшчэ і лепш. Навошта мне з ім сустракацца? Ды і наогул ці жывы ён? Напэўна прыбілі дзе немцы, і ўсё. А я дваццаць год турбаваўся...

  Гарбацюк адкладвае відэлец і камечыць у кулаку папяровую сурвэтку. Я аблакачваюся на стол. Карціць даведацца пра яго да канца. Каб ужо без сумненняў.

  – Скажыце, вы не танкіст?

  - А як жа! Танкіст! – з ганарлівай радасцю кажа Гарбацюк. – Тры гады ў танкавай арміі. Ад Вялікіх Лук да Берліна. Усе сцежкі-дарожкі прайшоў.