Мертвым не балиць, частка 2

  Невядома, ці выжыў у гэтай вайне Сахно? Хоць такія людзі, не вельмі пераборлівыя ў сродках, жывучыя. I калі здарылася, што ён застаўся жывы, я ўпэўнены: ён зноў той жа. Усё жыццё ён удасканальваўся ў адным рамястве – прымусе... I на іншае проста няздольны. Я ведаю, сустрэча з ім мне таксама не прынесла б радасці. Ён з пароды Гарбацюкоў, і дзесяць гадоў для іх перавыхавання завельмі малы тэрмін.

  Трэба было мець незвычайную па тым часе здольнасць пранікаць у людскія характары, каб западозрыць у Сахно патэнцыяльнага здрадніка. Я, у кожным разе, такім нават не мог яго і сасніць. Здавалася, гэта жалезны ў сваіх пераконаннях фанатык, бязлітасны не толькі да іншых, а і да сябе ў імя той справы, якой ён служыў. Праўда, я і раней лічыў гэтага чалавека нягоднікам, але з прычыны іменна гэтай яго бязлітаснай няўхільнасці, якая мяжуе з жорсткасцю, гіпертрафіраванай службісцкай уедлівасцю. Зрэшты, у той час гэтыя якасці не прынята было лічыць заганнымі.

  А на справе, ён заўсёды меў падвойнае дно. Ён не набыў яго ў той адвячорак у трубе або пасля пад уплывам якіх-небудзь асаблівых абставін. Цяпер я разумею: ён такім быў праз усё жыццё. Ён зусім не быў крэменем, якім стараўся здавацца, таму што быў беспрынцыповы і гнуткі. Што ён ні рабіў, ён перш думаў пра сябе – аб сваёй кар’еры і сваёй выгодзе. Астатняе яго не турбавала.

  Аднак я ўсё ж прытаміўся. Вочы неўпрыцям заплюшчваюцца, прыцішаная гамана нібы мацнее і нібы засяроджваецца ў галаве. Сну няма, але цела ў нейкім тлумным змярцвенні. Апаноўвае абсалютная нерухомасць. Толькі думкі, вобразы, абрыўкі невыразных фраз рояцца ў галаве.

  За вялікім акном насупраць шуміць імпэтны майскі дождж. Нібы зачараваная яго няўрымслівым шумам, узіраецца ў спатнелую шыбу жанчына. Няйначай – з вёскі. Блішчастыя гумавыя боты. Простая спадніца. Цёмны паношаны жакет. На галаве старанна павязана чорная хусцінка ў чырвоныя кветкі. Невясёлы, засяроджаны на чымсьці ўнутраным, яе твар з сеткай зморшчын на лбе выглядае немаладым і стомленым. Мусіць, яна мне равесніца або трохі маладзейшая і, мабыць, адзінокая. Я не ведаю чаму, але нешта няўлоўнае выдае ў ёй шматгадовую горыч жыцця. Зрэшты, адкуль быць шчасцю? Дзе тыя равеснікі і трохі старэйшыя, з кім прамільгнула кароткая яе маладосць? Цяпер бы ім таксама было год па сорак, калі б праклятая вайна не адмерала многім па дваццаць. Вечна маладыя і нежанатыя, маўкліва спяць яны ў тысячах братніх магіл на шырокім прасторы ад Волгі да Эльбы. I вечная самота тлее ў змарнелых на працы і ў клопатах, дачасна састарэлых вачах іхніх былых сябровак.

  Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?

  Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?

  Не, я не хачу бачыць Юркаву Ліду такой спрацаванай на мужчынскай рабоце, дачасна змарнелай у адзіноце, з абыякавасцю ў вачах. Я не хачу гэта сабе ўявіць. Адмаўляюся зразумець. I не ў стане пазбыцца ў думках верагоднасці яе менавіта такога лёсу.